паласавы́, ‑ая, ‑ое.
Спец. Які вырабляецца ў выглядзе палос. Паласавая сталь.
паласа́тасць, ‑і, ж.
Уласцівасць паласатага. Паласатасць апярэння птушак.
паласа́ты, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты палосамі; з афарбоўкай у палоску. У чаўне, на дне яго, стаіць .. мужчына ў паласатай матроскай кашулі. Галавач. Да паласатага шлагбаума спускалася чародка малышоў у белых панамках. Даніленка. / Пра жывёлу, якая мае афарбоўку ў выглядзе палос. Паласатая зебра. / У спалучэнні са словам «чорт» як лаянка. Зайздрошчу я табе, чорт паласаты! Васілевіч.
паласа́цік, ‑а, м.
Род буйных кітоў з падоўжнымі складкамі на скуры горла і жывата.
паласкаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. Стаць больш ласкавым, лагодным, спагадлівым. Выцягваю з кішэні 140 франкаў і аддаю правадніку. Паязны служка адразу паласкавеў. Філімонаў.
паласка́льніца, ‑ы, ж.
У чайным сервізе — пасудзіна для апалосквання пасуды.
паласка́льны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць, прызначаны для паласкання. Паласкальная міска.
паласка́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. паласкаць (у 1, 2 знач.).
2. Лекавая вадкасць (настой, раствор і пад.), якой палошчуць рот, горла.
паласка́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад паласкаць (у 1, 2 знач.).
паласка́цца, палашчуся, палошчашся, палошчацца; незак.
1. Купацца, мыцца шумна, пырскаючыся. Дзеці ўвесь дзень палошчуцца ў рацэ. // Апускацца ў што‑н. вадкае, сыпкае, узмахваючы крыламі (пра птушак). [Куры] паласкаліся ў пяску, у градах, у крапіве, ля плота... Пестрак.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Разм. Калыхацца, удараючыся аб што‑н. з плёскатам. Палошчуцца хвалі аб каменны мол, і яхта на хвалях — як лялька. Дудар.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Трапятацца на ветры. Кавалак.. брызенту, нібы на развітанне былым спадарожнікам Міхася, доўга яшчэ мігатліва паласкаўся над кузавам. Б. Стральцоў. Побач з брыгадай палошчацца на ветры палатно чырвонага сцяга. Галавач.
4. Зал. да паласкаць (у 1, 2 знач.).