ку́льба, ‑ы, ж.
Разм. Палка з загнутым верхнім канцом для апоры пры хадзьбе. Абапёршыся на кульбу, дзед уважліва разглядаў дзяцей. Рылько.
кульба́ка, ‑і, ДМ ‑бацы, ж.
Разм. Тое, што і кульба. Свату падзяка альбо кульбака. З нар.
кульга́вы, ‑ая, ‑ае.
1. З карацейшай ці балючай нагой. Вартаўнік, кульгавы дзед Антось, сядзеў на шырокай дубовай калодцы і зябка пазяхаў. Якімовіч. / у знач. наз. кульга́вы, ‑ага, м.; кульга́вая, ‑ай, ж. У кульгавага кій адабраць. З нар.
2. Разм. Са зламанай або карацейшай, чым другія, ножкай (пра рэчы). Шаройка сеў каля стала, абгледзеў хату, пахістаў кульгавы стол. Шамякін.
3. Разм. Больш кароткі, чым другі, другія (пра нагу, пра ножку чаго‑н.). — Базыль з’ездзіўся, бач, і стары, і лыжы паламаныя, — матнуў Базыль кульгавай нагой. Дуброўскі.
кульга́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. кульгаць.
кульгану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да кульгаць.
кульга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Хадзіць, ісці, нясмела прыступаючы на карацейшую ці балючую нагу. Андрэйка кульгаў і адставаў, а Коля тое і рабіў, што праз кожную хвіліну спыняўся, каб пачакаць таварыша. Сіняўскі.
2. Быць кульгавым, мець карацейшую ці балючую нагу. [Шолам] з прыроды быў глухаваты.. і кульгаў на правую нагу. Корбан. // перан. Разм. Мець значныя недахопы, быць непаўнацэнным у якіх‑н. адносінах. — Зразумейце вы, што ваша тэорыя кульгае... Выпраўце яе, — спачувальна ўхмыльнулася Зося. Шынклер. Непакоіла дысцыпліна. Яна, як кажуць, пачала кульгаць. Многія з выхаванцаў, што наступілі ў дзетдом у апошні час, былі хлопцы цёртыя. Нядзведскі.
3. Разм. Дрэнна ведаць які‑н. вучэбны прадмет, не паспяваць па якім‑н. прадмеце. Кульгаць па матэматыцы. // Быць недастаткова засвоеным (пра які‑н. вучэбны прадмет). У яго фізіка кульгае.
•••
Кульгаць на абедзве нагі — а) будучы недастаткова дасведчаным у якой‑н. справе, рабіць значныя промахі; б) праходзіць дрэнна, з перабоямі, зрывамі (пра справу, работу і інш.). Дысцыпліна кульгае на абедзве нагі.
кульмінацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кульмінацыі. Кульмінацыйны пункт.
кульміна́цыя, ‑і, ж.
1. Праходжанне свяціла праз нябесны мерыдыян.
2. Момант, перыяд найвышэйшага ўздыму, напружання ў развіцці чаго‑н. Кульмінацыя ў развіцці сюжэта.
[Ад лац. culmen, culminis — вяршыня.]