куль 1, ‑я, м.
1. Тоўсты сноп выбранай няцёртай саломы, з якой звычайна робяць стрэхі. Малацілі да змроку. Тады Андрэй пачаў перабіраць салому на кулі, а Іван панёс коням канюшыну. Чарнышэвіч. Дзед Ігнат сядзеў на страсе і распускаў куль саломы. Васілевіч.
2. у знач. прысл. кулём. Пераварочваючыся, куляючыся ў час руху, падзення. З тэндэра кулём скаціўся ў будку качагар Юрка Лунец. Васілёнак. // Імкліва, вельмі хутка. Платон чагосьці шукаў. І Марына з жахам зразумела, што ён шукае сякеру. Ён усё мог зрабіць. І яна, ратуючыся, кулём кінулася ў хату. Ракітны.
куль 2, ‑я, м.
1. Вялікі, звычайна рагожны мяшок. Куль мукі. □ Грузавік быў нагружаны бочкамі, скрынкамі, рагожнымі кулямі. Хадкевіч.
2. Старая гандлёвая мера сыпкіх цел (каля 9 пудоў).
куль 3, ‑я, м.
Задняя частка рыбалоўнай снасці (невада, жака і пад.) у выглядзе вузкага доўгага мяшка, куды пападае рыба пры лоўлі. Касцы доўга не ляжалі, хоць хацелася прыдрамаць. Прычына гэтаму была сетка-таптуха, якая стаяла тут жа пад дубам, кулём угору. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)