паку́льгваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Кульгаць злёгку або час ад часу. Разлічыўшыся з касірам, мужчына, пакульгваючы, выходзіць [з цырульні]. Каршукоў.
пакуля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.
1. Пакаціцца куляючыся. Зіна наском туфля падбіла... [камень] і ён, падскокваючы, пакуляўся наперад. Грамовіч.
2. Куляцца некаторы час.
пакуме́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Кумекаць некаторы час; падумаць. Трэба сесці ды пакумекаць.
пакумі́цца, ‑кумлюся, ‑кумішся, ‑куміцца; зак.
Разм. Стаць кумамі.
паку́нак, ‑нка, м.
Прадмет або некалькі прадметаў, загорнутых у адзін пакет. Старшыня ўзяў пакунак кніг, Андрэй — чамаданчык, і яны накіраваліся да вёскі. Дуброўскі. З апошняга магазіна мы выйшлі абвешаныя рознымі пакункамі і скруткамі. Савіцкі.
паку́начак, ‑чка, м.
Памянш.-ласк. да пакунак.
пакупа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Зак. да купацца.
пакупа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Зак. да купаць.
пакупе́ц, ‑пца, м.
Разм. Тое, што і пакупнік. Коні тупаюць памалу і як бы прыслухоўваюцца да гутарак гаспадароў з пакупцамі. Бядуля. Здзівіўся дужа дзед, калі пакупец пачаў адлічваць яму грошы папяровымі маркамі. Колас.
паку́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Тое, што куплена; купленая рэч. [Верачка] ужо ўяўляла шафу ў сваім пакоі, бачыла суседку Ганну Міронаўну, як тая цмокае губамі каля пакупкі. Каршукоў.