Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пакрыва́ла, ‑а, н.

1. Выраб з узорыстай тканіны, цюлю для пакрывання ложкаў. Ложкі каля сцен, дбайна прыбраныя, накрытыя светлымі пакрываламі, стол каля акна. Мележ. // Род жаночай адзежы ў выглядзе накідкі (у некаторых народнасцей). Вось едзе на шэрым восліку жанчына з адкрытым тварам, захутаная ў белыя пакрывалы. В. Вольскі. // Кавалак якой‑н. матэрыі, якім пакрываюць што‑н. Закруткін знік, закрыўшы люк бліндажа брызентавым пакрывалам. М. Ткачоў.

2. перан. Пра ўсё тое, што атуляе, ахутвае, усцілае сабой што‑н. Беласнежным пакрывалам заслала зіма наваколле. Шыловіч. [Пеця] радаваўся ўсяму: і ночы, што чорным пакрывалам ахінула зямлю, і полю, якое не раз удоўж і ўпоперак мералі яго ногі, і нават дажджу. Сіняўскі.

пакрыва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. пакрываць — пакрыць (у 6 знач.).

пакрыва́ўлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пакрывавіць.

пакрыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

1. Незак. да пакрыцца.

2. Зал. да пакрываць.

пакрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пакрыць.

пакрыве́ц, ‑рыўцу, м.

Адна- або шматгадовая травяністая расліна сямейства бурачнікавых.

пакрыві́цца, ‑крыўлюся, ‑крывішся, ‑крывіцца; зак.

Стаць крывым, няроўным, перакошаным; пахіліцца. Пакрывіліся дошкі. □ Драўляныя сцены дзе-нідзе пакрывіліся ад часу, а месцамі бярвенне са сцен павыпіналася і ледзь ліпела. Броўка. Раскошная веранда цяпер пакрывілася. Асіпенка. // Зрабіць грымасу ад якога‑н. пачуцця; скрывіцца. — А Наталка, дзіця мілае, пашукай грыбкоў, — сказаў дзед і пакрывіўся, мусіць ад болю. Мыслівец.

пакрыві́ць, ‑крыўлю, ‑крывіш, ‑крывіць; зак., каго-што.

Зрабіць крывым, няроўным, перакошаным; пахіліць. Пакрывіць раму. □ Ні вецер .. [стог] не пакрывіць, ні завіруха, і не пацячэ ён нідзе. Кулакоўскі. // На некаторы час скрывіць у грымасе твар, рот, губы ад незадавальнення ці якога‑н. іншага пачуцця. Эма, ухмыльнуўшыся, пакрывіла вусны: — І зусім тут нічога цікавага... Ракітны.

пакры́кванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пакрыкваць, а таксама гукі гэтага дзеяння.

пакры́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Крычаць зрэдку, час ад часу. Ляскалі пугі, пакрыквалі фурманы, рыпелі і грукацелі колы. Хомчанка. Недзе ў гушчары пакрыкваў драч. Грахоўскі. // Камандаваць, распараджацца, павышаючы голас. Санітары безуважна пакрыквалі: — Дарогу, дарогу! Лынькоў.