Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пабо́ішча, ‑а, н.

1. Вялікая бітва; бой (у 1 знач.). Ты паўвайны прайшоў сумленныя салдатам, вынес на сваіх плячах не адно пабоішча. Ракітны. Не дай разгарэцца пабоішчам новым, Ты міру, адзінству свайму паслужы. Бачыла. // Месца, дзе адбывалася бітва.

2. Разм. Жорсткая бойка. Удзельнічаць у вулічным пабоішчы.

•••

Лядовае пабоішча — разгром наўгародцамі нямецкіх рыцараў-захопнікаў у 1242 г. у бітве на лёдзе Чудскога возера.

Мамаева пабоішча — а) пра вялікую сварку, бойку; б) пра поўны беспарадак. [Ад імя татарскага хана Мамая, які ў 14 ст. зрабіў спусташальнае нашэсце на Русь]

пабо́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Крыху баяцца, адчуваць страх. Пабойвацца ісці лесам. □ Старога Яна пабойваліся і паважалі. Чарнышэвіч.

пабо́льваць, ‑ае; незак.

Крыху або зрэдку балець, час ад часу балець. Чуць пабольваюць рукі, пякуць далоні, а па ўсім целе разлілася прыемная слабасць. Дамашэвіч. На паляванні [Міхал] крыху прастыў, у яго пабольваў зуб. Карпаў.

пабо́льшаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пабольшыць.

пабо́льшаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Стаць большым па колькасці. Людзей на вуліцы пабольшала. □ Колішняя.. старая лесапільня стала большая, рабочых у ёй пабольшала. Чорны. І вось ужо далёка ззаду засталася сядзіба саўгаса, домікі. Іх апошнія дні пабольшала. Даніленка.

2. Стаць большым па велічыні, памерах, аб’ёму. Дзень пабольшаў. □ Сонца апусцілася нізка, заружавела і пабольшала. Якімовіч. // Падрасці. За тры гады дрэвы ў вёсцы пабольшалі, параскашнелі. Гаўрылкін.

3. Стаць большым па сіле, інтэнсіўнасці. Неспакой пабольшаў. □ Дождж пабольшаў. Пакуль [Люба] дайшла да дома, усё было скрозь мокра. Чорны.

пабо́льшвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да пабольшыцца.

2. Зал. да пабольшваць.

пабо́льшваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пабольшыць.

пабо́льшыцца, ‑шыцца; зак.

Тое, што і пабольшаць. Задачай сённяшняга дня з’яўляецца адно: зняць адну хату з сярэдзіны двара і прыставіць яе да другой. Паспраўнее двор і пабольшыцца казарма. Брыль. Радасць.. [Магдалены] яшчэ пабольшылася, калі яна знайшла ў Ганнінага сына рыс ад Ганны больш, як ад Тодзіка. Чорны.

пабо́льшыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., што.

1. Зрабіць большым па колькасці. Пабольшыць штат супрацоўнікаў.

2. Зрабіць большым па велічыні, памерах, аб’ёму. Пабольшыць кнот у лямпе. □ Мяжа .. была вызначана здаўн[а], але кожны з .. [суседзяў] хацеў адціснуць яе на дзве баразны, пабольшыць свой палетак. Нікановіч.

3. Зрабіць большым па сіле, інтэнсіўнасці. Пабольшыць чыю-небудзь падазронасць. □ Каб пабольшыць і замацаваць адчуванне, Аляксей Кулакоўскі часамі карыстаецца прыёмам уваскрашэння ў памяці забытай дэталі. Скрыган.

пабо́рнік, ‑а, м.

Заўзяты прыхільнік, абаронца каго‑, чаго‑н. Жывая слава пераможцам бою, Паборнікам і праўды і дабра. Астрэйка.