пакружы́цца, ‑кружуся, ‑кружышся, ‑кружыцца; зак.
Кружыцца некаторы час. Папера мільганула за акном, пакружылася ў паветры і знікла за вагонам. Галавач. Васіль сарваўся з месца, пакружыўся па пакоі — чагосьці не мог знайсці. Даніленка. Мохарт няўмела пакружыўся з Кацяй, сышоў з круга. Алешка.
пакружы́ць, ‑кружу, ‑кружыш, ‑кружыць; зак.
Кружыць некаторы час. [Андрэю] сапраўды стала неяк весела, бадзёра, хацелася нават падхапіць гэтага дружбака-хлапца ды пакружыць вакол сябе. Кулакоўскі.
пакрухма́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
1. Накрухмаліць усё, многае. Учора.. [Святлана] перамыла пакрывалы, пакрухмаліла іх. Шахавец.
2. Крухмаліць некаторы час.
пакруці́цца, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сплесціся, скруціцца. Збажына.. такая вырасла, так павілася ды пакруцілася, што камбайны не спраўляліся адны. Місько.
2. Круціцца некаторы час. Раненька прыляцеў аднекуль шпак, пакруціўся каля нашага дома, пасвістаў і палез у шпакоўню. Пальчэўскі.
пакруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што.
1. Прывесці ў кругавы рух; крутнуць. Пакруціць махавое кола. Пакруціць тачыла.
2. Кругавым рухам змяніць становішча чаго‑н. Пакруціць выключальнік. □ Канстанцін Міхайлавіч пакруціў рычажок прыёмніка, пашукаў іншае станцыі. Лужанін.
3. Разм. Туга звіць адно з другім.
4. Зламаўшы, паскручваць канцы паміж сабой, зблытаць усё, многае. Пакруціла бура пшаніцу ў полі.
5. і чым. Круціць некаторы час. Віктар Сяргеевіч пакруціў у руках бітон, потым зірнуў праз адчыненыя дзверы кухні некуды ў прастору і ўсміхнуўся. Гамолка. Палкоўнік прыжмурыўся.., пакруціў галавою. — Ты, Віктар, як заўсёды, гаворыш ісціну! Ваданосаў.
пакру́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пакруціць (у 1–4 знач.).
пакруча́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае многа крутых звілін. Пасярэдзіне лугоў цякла пакручастая рака з зялёнымі палоскамі лазнякоў паабапал. Хадкевіч. Дарога лясная, вузкая, пакручастая, машына ідзе марудна. Гамолка.
2. Такі, які завіваецца, не прамы, не гладкі. Пакручастая стружка. Пакручастыя валасы.
пакру́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Круціцца час ад часу. На калдобінах машына павольна пагойдвалася, і наверсе на ёй пакручвалася вежа з кулямётамі, як бы выглядаючы дарогу. Галавач. Каля брамы ў зоросшым дрэвамі дварэ стаялі тры дзяўчынкі і каля іх пакручваўся .. хлапчук. Чорны.
пакру́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што, чым.
Круціць час ад часу, паварочваць то адным, то другім бокам. — Но, но, каб вы жывенькі былі, — пакручваў пугай над галавой бацька. Сабаленка. Чалавек бярэ рэч, спакойна пакручвае яе так, што відаць яна з усіх бакоў, нават з канцоў, і гэтак жа спакойна ставіць на месца. Ермаловіч.
пакрыва́віць, ‑крываўлю, ‑крывавіш, ‑крывавіць; зак., што.
Разм.
1. Збіць да крыві. Пакрывавіць ногі.
2. Заліць, запэцкаць кроўю ўсё, многае.