ці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. ціх, ‑ла; незак.
Разм. Сціхаць, змаўкаць. І раптам — клёкат адразу ціхае, нібы адсечаны адным махам. Мележ. І размова не ціхла, Не моўкла, Не гасла. Лужанін.
ціхо́м, прысл.
Абл. Цішком. Ціхом, каб не пабудзіць маці, .. [Клава] злегла з ложка. Чорны.
ціхо́ня, ‑і, ДМ ‑ю, Т ‑ем, м.; ДМ ‑і, Т ‑яй (‑яю), ж.
Ціхі, лагодны, ціхмяны чалавек. Аднойчы гэты ціхоня, які, здавалася, і мухі не мог пакрыўдзіць, учыніў такое, што не кожны даваў веры. Сіняўскі. І вось Волька скончыла вучобу не горш, а, можа, нават і лепш за Петруся. Вось табе і ціхоня Волька. Хто б мог падумаць!.. Даніленка.
ціху́тка, прысл.
Разм.
1. Вельмі ціха, бясшумна. Цераз кусты прайшлі [звяры] ціхутка, не варухнуўся і лісточак. Дубоўка. А вецер, той гутаркі ўдзельнік і сведка, ціхутка галінкі на дрэвах кране. А. Вольскі.
2. Паволі, марудна. І на крыгах — уласных паромах — Ад’язджае ціхутка зіма. Прануза.
3. Употай, цішком. — Не бойся, Костусь: будзем жывы, Чаго баяцца? Нічагутка! Закінем іх [«начаткі»] у снег ціхутка. Колас.
4. безас. у знач. вык. Вельмі ціха; зацішна. Пад крушыннікам было ціхутка. Чорны.
ціху́ткі, ‑ая, ‑ае.
Вельмі ціхі. І ў гэтым гомане няўпынным, І ў ціхуткім шэпаце лістоў Чую рух вялікае машыны Нашых дзён і будучых гадоў. Куляшоў.
ціш, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і ціша. Ціш, бязлюддзе на вячэрняй местачковай вуліцы. Навуменка. Настаўніца ходзіць між партаў, У класе і ціш і спакой. Астрэйка.
ці́ша, ‑ы, ж.
1. Адсутнасць гукаў, шуму; спакой, цішыня. Зямля здаецца лёгкай, бязваж[к]ай, яна ўся дыхае цішай, спакоем. Лынькоў. У ранішняй цішы даволі доўга быў чуваць гул матора. Шчарбатаў.
2. Ціхая, бязветраная пагода. Ветру не было, і ў начной цішы можна было чуць, як плешчацца аб карэнні прыбярэжных дрэў вада ў рэчцы. Галавач.
цішко́м, прысл.
1. Непрыкметна, употай; крадучыся, крадком. І Губіч тут быў не аднойчы, Не раз прабіраўся цішком Бязлюднаю сцежкаю воўчай У гэты эсэсаўскі дом. Колас.
2. Ціха, нягучна, без шуму. Ноччу Валька плакала цішком, каб не пачуў чужы. Брыль.
цішыня́, ‑і, ж.
1. Адсутнасць шуму, гукаў; маўчанне. Цішыня стаяла ў лесе незвычайная. Кулакоўскі. У лясным гушчары пануе спрадвечны змрок і цішыня. М. Ткачоў.
2. перан. Адсутнасць баявых дзеянняў; зацішша. Арлоўскага абудзіў цяпер не напорысты грукат бою, а пакутліва-пякучая цішыня. Паслядовіч.
3. Душэўнае ўціхаміранне, спакой.
цішэ́й,
1. Выш. ст. да прысл. ціха.
2. у знач. выкл. Ужываецца як загад захоўваць цішыню, маўчаць. — Цішэй вы! — крыкнуў Грышка Гарачун. Рунец. — Цішэй, цішэй, — супакойваў Гена ўзрушаных акцябрат. Юрэвіч.
•••
Цішэй вады, ніжэй травы — пра вельмі спакойнага, нясмелага, ціхага чалавека.