Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

крышы́ць, крышу́, кры́шыш, кры́шыць; незак.

1. што. Наразаць дробнымі кавалкамі. Крышыць сала. Крышыць цыбулю. □ Анежка, якая стаяла каля стала і крышыла капусту, разгубілася так, што выпусціла нож з рук. Броўка. // Расціраць, раздрабняць на невялікія часткі, ператвараць у крошкі. Крышыць хлеб курам.

2. каго-што. Разм. Ламаць, руйнаваць, разбіваць на часткі. Крышыць, ломіць вецер І платы і стрэхі. Купала. Адмыслова малаток адбойны У забоі крышыць скібы вугалю. Звонак. // Забіваць, нішчыць. Як пайшлі глушыць І мячом крышыць, — Парадзелі раці. Пушча. // перан. Ліквідаваць, разбураць. Рабочы клас пачаў ламаць і крышыць устоі старога свету. «ЛіМ».

3. Разм. Накідваць крошак дзе‑н. Не крышы на падлогу.

4. што. Разм. Выклікаць боль у касцях; ламаць. Прастуда ломіць, крышыць косці.

•••

Крышыць на капусту — сячы на дробныя часткі (мячом, шабляй і інш.).

крышэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. крышыць (у 1 знач.).

крыябіяло́гія, ‑і, ж.

Раздзел біялогіі, які вывучае дзеянне на жывыя арганізмы нізкіх і звышнізкіх тэмператур.

[Ад грэч. krýos — холад, мароз і слова біялогія.]

крыяге́нны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Звязаны з атрыманнем вельмі нізкіх тэмператур. Крыягенная тэхніка.

[Ад грэч. krýos — холад, мароз і genes — нараджэнне.]

крыяло́гія, ‑і, ж.

Навука аб дзеянні холаду на фізічныя целы.

[Ад грэч. krýos — холад, мароз і logos — навука.]

крэазо́т, ‑у, М ‑зоце, м.

Смалістая вадкасць з едкім пахам, якая атрымліваецца шляхам сухой перагонкі драўніны, часцей буку (скарыстоўваецца ў тэхніцы і медыцыне).

[Фр. créosote.]

крэазо́тавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да крэазоту. Крэазотавы пах.

крэату́ра, ‑ы, ж.

Кніжн. Той, хто займае месца дзякуючы пратэкцыі якой‑н. уплывовай асобы і з’яўляецца паслухмяным выканаўцам яе волі; стаўленік.

[Ад лац. creatura — тварэнне.]

крэве́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Невялічкі ядомы марскі рак.

[Фр. crevette.]

крэве́ткавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да крэветкі. // Выраблены з крэветак. Крэветкавыя кансервы.