Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пакараба́ціцца, ‑ціцца; зак.

Стаць карабатым; пакрывіцца, пагнуцца. На плоце, на жэрдках, падсохла кара, пакарабацілася і трэскалася пад рукой. Пташнікаў. Лісці вагона спусціліся ўніз і пакарабаціліся. Чорны.

пакараба́ціць, ‑бачу, ‑баціш, ‑баціць; зак., што.

Зрабіць карабатым; пакрывіць, пагнуць. Пакарабаціць ліст жалеза. / у безас. ужыв. Дождж рунь спаласкаў, Вяз пакарабаціла. Барадулін.

пакараба́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пакарабаціць.

2. у знач. прым. Які нагнуўся, пакрывіўся (ад гарачыні, сырасці і пад.). Глеб Іванавіч устаў і захадзіў па цеснай хаце, прыслухоўваючыся, як рыпіць падлога пад нагамі, аглядаў голыя, патрэсканыя сцены, пакарабачаную столь. Дуброўскі.

пакара́бкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Пачаць карабкацца. [Баталаў] сачыў за сваімі байцамі. Бачыў, як Саханчук з Дзячковым выйшлі на поле, пастаялі крыху, потым кінуліся да насыпу. Пад ім яны зноў пастаялі, потым пакарабкаліся ўверх. Асіпенка.

пакара́нне, ‑я, н.

Мера ўздзеяння за зробленае злачынства, правіннасць; кара. Пакаранне бізунамі. Патрабаваць суровага пакарання. □ [Немцы] беглі па хмызняку, полем. Быццам ваўкі, што нарабілі шкоды, уцякалі ад небяспекі, ад пакарання. М. Ткачоў. Больш тыдня Алесь працаваў на трактары: такое пакаранне прыдумаў яму старшыня. І ўсё ж, нарэшце, змілаваўся, зноў даў яму [аўтамашыну]. Ваданосаў.

пакара́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пакараць ​1.

пакараце́ць, ‑ее; зак.

Стаць карацейшым, меншым па даўжыні. Сукенка пакарацела. □ Цяпер вуліца нібы пакарацела: неяк зусім непрыкметна мінаем адно скрыжаванне, другое, і вось ужо адкрылася наперадзе .. прывакзальная плошча. Савіцкі. // Стаць менш працяглым у часе. Быў канец лютага, ночы ўжо намнога пакарацелі, і таму, ледзь толькі змерклася, брыгада рушыла ў паход. Шахавец.

пакараці́цца, ‑роціцца; зак.

Разм. Стаць карацейшым, меншым па даўжыні. Халат пакараціўся.

пакараці́ць, ‑рачу, ‑роціш, ‑роціць; зак., што.

Зрабіць карацейшым, укараціць. Пакараціць паліто. □ Шмат яшчэ такога дарагога на рыбалцы часу ідзе на тое, каб пакараціць або падоўжыць рабочую частку лескі. Матрунёнак.

пакара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да пакарыцца.

2. Зал. да пакараць ​2.