Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ірдзе́нне і рдзе́нне, ‑я, н.

Чырвань, чырвонае ззянне, гарэнне. Паўстала з ірдзеннем суніц Радзімы зямля. Калачынскі. Я любаваўся прыгажосцю надсвіцязянскай восені — дарогай у залатым тунелі ліп і клёнаў, ірдзеннем рабінавых гронак на фоне свежай, зноў засеянай зямлі. Брыль.

ірдзе́ст і рдзест, ‑у, М ‑сце, м.

Вадзяная кветкавая расліна сямейства (і)рдзеставых з доўгім сцяблом і невялікім, звычайна падводным лісцем; урэчнік.

ірдзе́цца і рдзе́цца, (і)рдзіцца; незак.

Тое, што і ірдзець. Ірдзяцца на дужых суках Крамяныя яблыкі жніўня. Гаўрусёў. Світала, на ўсходзе ярка рдзелася неба, было росна. Кірэйчык.

ірдзе́ць і рдзець, ‑дзее; незак.

Вылучацца сваім ярка-чырвоным колерам; чырванець. Ірдзее сцяг чырвоны, Як водбліскі зарніц. Колас. За дрэвамі маленькага парку слаба рдзела вечаровае неба. Савіцкі. // чым. Быць ярка-чырвоным ад чаго‑н. Спелай марошкай ірдзее Скрозь і лагчына і яр. А. Александровіч. / у безас. ужыв. Толькі стала рдзець на ўсходзе.

ірдзі́сты і рдзі́сты, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і ірдзяны. Краіна мар і летуценняў, ірдзістых раніц, срэбных рос, дзе гладзь люстраная сінее, азёр і рэк шырокі плёс. Машара.

ірдзя́ны і рдзя́ны, ‑ая, ‑ае.

Чырвоны, пунсовы. Толькі зор агонь ірдзяны Над прасторам зіхаціць. А. Александровіч. Ірдзяны круг сонца, апусціўшыся насупраць амаль не да зямлі, заліваў .. [гліністыя схілы берага] чырвоным святлом. Багдановіч.

іржа́ і ржа, ‑ы, ж.

1. Чырвона-буры налёт на паверхні жалеза, які ўтвараецца ў выніку акіслення яго ў паветры і ў вадзе. Патапавіч нагнуўся, дастаў з-пад лавы сякеру, пакруціў яе ў руках, сцёр пальцамі лёгкі налёт іржы на лязе і зноў паклаў яе на ранейшае месца. Кулакоўскі. У ценю высокай старой баржы, нагружанай вялізнымі жалезнымі панамі, чырвонымі ад іржы, стаяла вастраносая звычайная лодка. Ракітны. Не чакай, што ржа з гадамі Паесць ланцугі, Што мінуцца сабой самі Нагайкі, штыхі. Купала. // перан. Пра тое, што шкодна, разлагаюча дзейнічае на каго‑, што‑н. Бюракратычная ржа. □ — У камуну мы павінны прыйсці не толькі ў дастатку, але і з чыстымі душамі... А паскрабі іншага мужыка, колькі на ім усялякай іржы... Гурскі.

2. Прымесь вокіслаў жалеза ў балотнай вадзе, якая надае ёй буры колер і спецыфічны прысмак. Мокрыя, брудныя ад балотнай іржы штаны і запырсканая граззю ватоўка Сукенкі пацвярджалі непрыемныя для [гаспадара] навіны. Паслядовіч. Ад берага моцна пахла багавіннем, ракушкамі і балотнай іржою. Мурашка.

3. Жоўта-аранжавыя плямы на паверхні раслін, якія з’яўляюцца ў тых месцах, дзе развіваюцца споры паразітных іржаўных грыбкоў.

іржа́васць і ржа́васць, ‑і, ж.

Наяўнасць іржы.

іржаве́ць і ржаве́ць, ‑вее; незак.

Пакрывацца ржой. Усе .. [машыны] былі пастаўлены так, каб не ржавелі і не псаваліся. Колас. Рэйкі цьмяна пабліскваюць, відаць, пачынаюць іржавець, бо цягнікі ходзяць рэдка. Грахоўскі.

іржаві́нне і ржаві́нне, ‑я, н.

Абл. Балота з іржавай вадой. У ржавінні па калені Стаялі, моклі лазнякі. Танк. — А там, дзе ёсць жалезная руда і вада афарбавана ў іржавы колер, то такое балота па-нашаму — іржавінне. В. Вольскі.