Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

і́рад, ‑а, М ‑дзе, м.

Лаянк. Мучыцель, кат. — Божа мой, божа! За што мне такая кара! Лепш бы я малою памерла, чым жыць з такім ірадам, з такім п’яніцам. Колас. — Што ім трэба, ірадам? Чаму ім няма спакою ад таго, што людзі мірна жывуць? Шамякін.

[Па імені цара Іудзеі Ірада, які паказваецца ў евангеллі вельмі жорсткім.]

ірадыі́раваць, ‑руе; незак.

Распаўсюджвацца за межы непасрэднай крыніцы ўзбуджэння, раздражнення (пра нервовыя працэсы).

ірадыя́цыя, ‑і, ж.

1. Павелічэнне (у выніку аптычнага падману) намераў светлых прадметаў на чорным фоне і, наадварот, па мяншэнне памераў цёмных фігур той самай велічыні на светлым фоне.

2. Распаўсюджанне працэсу ўзбуджэння або тармажэння ў цэнтральнай нервовай сістэме.

•••

Ірадыяцыя болю — распаўсюджанне болю за межамі пашкоджанага месца.

[Ад лац. irradiare — ззяць.]

іраке́з,

гл. іракезы.

іраке́зка,

гл. іракезы.

іраке́зскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да іракезаў, належыць ім. Іракезская мова.

іраке́зы, ‑аў; адз. іракез, ‑а, м.; іракезка, ‑і, ДМ ‑зцы; мн. іракезкі, ‑зак; ж.

Група індзейскіх плямён у Паўночнай Амерыцы, роднасных па мове.

іра́кец,

гл. іракцы.

іра́кскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Ірака, іракцаў, належыць ім. Іракскія звычаі.

іра́кцы, ‑аў; адз. іракец, ‑кца, м.

Насельніцтва Ірака.