штампо́ўка, ‑і, ДМ ‑поўцы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. штампаваць (у 1 знач.). Гарачая штампоўка. □ Пятра так прывабіла магчымасць перайсці на штампоўку дэталі, якую яны дагэтуль выточвалі, ён так блізка прыняў да сэрца Андрэеву задуму, што і сам пачаў увесь час жыць ёю. Шахавец.
2. Р мн. ‑повак. Гатовы выраб ці дэталь, зробленыя пры дапамозе штампа (у 1 знач.). Працэнт выпуску штамповак.
штампо́ўшчык, ‑а, м.
1. Рабочы, спецыяліст па штампоўцы.
2. перан. Разм. Пра чалавека, які робіць што‑н. па гатовых збітых узорах.
штампо́ўшчыца, ‑ы, ж.
Жан. да штампоўшчык (у 1 знач.).
шта́нга, ‑і, ДМ ‑нзе, ж.
1. Спец. Металічны стрыжань, які выкарыстоўваецца як састаўная частка многіх інструментаў, механізмаў, канструкцыі і пад. Буравая штанга. □ Галіна Адамаўна ўзялася рукой за штангу бормашыны, да болю сціснула яе. Шамякін. Эластычна ўзлятае ў .. неба баскетбольны мяч, рытмічна паскрыпваюць штангі турнікоў. Мікуліч.
2. Перакладзіна або брус футбольных, хакейных варот. Мяч адляцеў ад штангі варот.
3. Спартыўны снарад для заняткаў цяжкай атлетыкай, які складаецца з металічнага стрыжня, на канцах якога прымацоўваюцца здымныя дыскі. Там у .. [рэдактара] былі гіры і штанга, і ён прыступіў да гімнастычных практыкаванняў, а потым заняўся туалетам. Колас.
[Ням. Stange.]
шта́нгавы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Звязаны з выкарыстоўваннем, прымяненнем штангі (у 1 знач.). Штангавае свідраванне.
штангенцы́ркуль, ‑я, м.
Інструмент для лінейных вымярэнняў невялікіх дэталей, вырабаў. Адразу ж адключыў другі станок — на вока заўважана, што дэталі пайшлі бракованыя. Замераў штангенцыркулем — ажно пяць рэгулятараў запароў. Мыслівец.
[Ням. Stangenzirkel.]
штангі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Спартсмен, які займаецца фізічнымі практыкаваннямі са штангай (у 3 знач.).
штанда́р, ‑а, м.
1. Уст. Сцяг адпаведнага колеру, часта з вышываным або намаляваным гербам, як знак дзяржавы, вайсковай часці або якой‑н. грамадзянскай арганізацыі. Над шчыльнымі радамі крыжаносцаў лунаюць шматлікія сцягі і штандары з малюнкамі злавесна чорных арлоў, ваўкоў, мядзведзяў, з крыжамі, мячамі і рознымі рыцарскімі эмблемамі. В. Вольскі. // Сцяг кавалерыйскіх часцей у рускай (з 1731 па 1917 гг.) і некаторых іншых арміях. // Сцяг кіраўніка дзяржавы (цара, імператара і пад.), які паднімаўся на ваенным караблі, у палацы і пад. у час знаходжання там гэтай асобы.
2. Паэт. Сцяг. — Мір на зямлі мы абаронім І ўздымем аж да самых зор Штандар чырвоны. Танк. Чырванню шаўковай Зашумяць штандары, Хто ў няволі гнуўся, — Ўстане гаспадарыць. Купала.
[Ням. Standarte.]
штанда́ры, ‑аў; адз. штандара, ‑ы, ж.
Разм. Вялікія, звычайна дубовыя, укапаныя ў зямлю калоды, на якія кладуцца падрубы якога‑н. драўлянага збудавання. Зруб быў яшчэ толькі пачаты — усяго тры вянцы, пакладзеныя на круглыя, тоўстыя дубовыя штандары. Сачанка. [Астаповіч] апынуўся паміж штандараў, на якіх трымаўся ўвесь млынавы будынак. Чорны.
[Ням. Ständer — стойка.]
штанда́рына,
Разм. Адна штандара (гл. штандары). Месца пад хату, як вярнуўся з вайны, доўга не выбіраў. Агледзеў [Мітрафан] млынарышча — дарма, што пясочак ды забалаць, затое пры дарозе, пры канаве і ў людзей на вачах. 1, каб не раздумаць, тут жа ўкапаў першую штандарыну. Ракітны. Я тут залатаю, там падапру, То замяню штандарыну якую, Перасцялю падлогу, перакрыю дах, І з гэтае халупы, гарантую, Ўзнімецца сапраўдны гмах! Валасевіч.