шта́нга, ‑і, ДМ ‑нзе, ж.
1. Спец. Металічны стрыжань, які выкарыстоўваецца як састаўная частка многіх інструментаў, механізмаў, канструкцыі і пад. Буравая штанга. □ Галіна Адамаўна ўзялася рукой за штангу бормашыны, да болю сціснула яе. Шамякін. Эластычна ўзлятае ў .. неба баскетбольны мяч, рытмічна паскрыпваюць штангі турнікоў. Мікуліч.
2. Перакладзіна або брус футбольных, хакейных варот. Мяч адляцеў ад штангі варот.
3. Спартыўны снарад для заняткаў цяжкай атлетыкай, які складаецца з металічнага стрыжня, на канцах якога прымацоўваюцца здымныя дыскі. Там у .. [рэдактара] былі гіры і штанга, і ён прыступіў да гімнастычных практыкаванняў, а потым заняўся туалетам. Колас.
[Ням. Stange.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)