ура́жлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць уражлівага; здольнасць лёгка ўспрымаць уражанні. Радасная ўхмылка Наталлі развеяла .. уражлівасць [Рыгора]. Гартны. [Падпалкоўнік:] — Трэба ведаць салдат, пабываўшых на фронце. У іх павышаная ўражлівасць. Лынькоў.
ура́жлівы, ‑ая, ‑ае.
Які лёгка паддаецца ўражанням, вельмі чулы. Уражлівае дзіця. □ Мама яшчэ пазаўчора сказала ім, старэйшым: — За вас я спакойна. За Віку баюся, яна такая ўражлівая. Не крыўдзіце яе. Шамякін.
ура́з, прысл.
1. У той жа момант, імгненна; раптам. Машына фыркнула пакрыўджана клубам шызага дыму, ураз падхопленага хлёсткім асеннім ветрам, уздрыгнула, але з месца не скранулася. Быкаў. Андрэй змоўчаў, бо сварка магла разгарэцца ўраз. Чарнышэвіч.
2. За адзін прыём, адразу. Люся зірнула ў вочы Гарбачову, нібы хацела ўраз разгадаць, што задумаў гэты чалавек. Шашкоў. Зрэдку, калі вецер ураз замятаў чалавечыя сляды, атрад хадзіў у далёкія, цёплыя вёскі. Асіпенка.
ураза́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. уразаць — урэзаць.
ураза́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да урэзацца.
2. Зал. да уразаць.
ураза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да урэзаць (у 1–3 знач.).
уразбі́ўку, прысл.
Не захоўваючы парадку размяшчэння, паслядоўнасці, не падрад. Правяраць табліцу множання ўразбіўку. // Спец. З разрэджанай расстаноўкай літар у слове для выдзялення яго ў тэксце. Набраць слова ўразбіўку.
уразбро́д, прысл.
У беспарадку, паасобку, нядружна. Курсанты павярнуліся ўразброд. Новікаў. Птушкі выбраліся скора, Чарадою і ўразброд. Глебка. Некаторыя [дзяўчаты] спужаныя ад нечаканасці, другія са здзіўленнем адарваліся ад працы, паспешна разагнуліся, прывіталіся ўразброд... Васілевіч. // перан. Без лагічнай паслядоўнасці (пра думкі, словы і пад.). Людзі перагаворваліся вяла, за няшчырымі ўразброд словамі хаваліся нейкія важныя думкі, а можа, і справы. Асіпенка.
уразва́лку, прысл.
Разм. Перавальваючыся з адной нагі на другую, не спяшаючыся. Падрыўнік ішоў уразвалку і, гарэзна пасміхваючыся, заўзята расказваў нешта суседу. Мележ. Хадзіў.. [Ігнась] уразвалку, гаварыў мала і паволі, нібы ўзважваючы кожнае слова. Гурскі. Князеў падышоў да.. [Зыскевіча-Будзілоўскага] не спяшаючыся, уразвалку, працягнуў руку. Навуменка. Ідзе.. [Бачурка], бывала, па вуліцы, быццам гаспадар усяе зямлі. Уразвалку, не спяшаючыся. Гроднеў.
ураздро́б, прысл.
Разм. Часткамі; у розніцу. У XV і XVI стагоддзях Маладзечна бясконца перадавалася, прадавалася поўнасцю і ўраздроб то аднаму, то другому магнату. «Беларусь».