Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уніка́льны, ‑ая, ‑ае.

Вельмі рэдкі, адзіны ў сваім родзе; выключны. Унікальная знаходка. Унікальны рукапіс. □ Аднак гэта песня з-за сцяны ўзрушыла мяне, давяла да нейкай унікальнай хваробы, якую ніякі доктар не адгадае і не вылечыць. Дуброўскі. Гаспадар пазнаёміў нас са сваёй сям’ёй і паказаў ўласную бібліятэку, якая здзівіла багаццем унікальных кніг па гісторыі развіцця грузінскай культуры і мастацтва. Хведаровіч.

уніка́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. унікаць (у 4 знач.) — унікнуць.

уніка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. чаго. Пазбягаць чаго‑н., ухіляцца ад чаго‑н. Я не раз здзіўляўся, як спрытна ўнікалі шафёры амаль непазбежных аварый. Мележ.

2. чаго. Ухіляючыся, пазбягаць чаго‑н. Калі праўду казаць, дык Яўген і ўнікаў тых заданняў, якія былі звязаны з паездкамі ў родныя мясціны. Сабаленка. Але ў размове ўжо [Зося і Паходня] не закраналі таго, аб чым толькі што гаварылі і што патрабавала яснасці. Абое баяліся і знарок унікалі яе — няхай яна акрэсліцца як-небудзь пазней, ці варта спяшацца!.. Хадкевіч. // Устрымлівацца ад чаго‑н. Насця была здзіўлена пераменай у паводзінах мужа, але цярпліва маўчала. Яна ўнікала лаянак. Сіняўскі. // Ратавацца ад чаго‑н., мінаць што‑н. Сабака сарамяжа павільваў хвастом, быццам сказаць хацеў: — Бывае ж такі выпадак, што як ні ўнікаеш, а ўсё ж спатыкаешся. Мурашка.

3. каго-чаго. Стараюцца, не жадаць сустракацца з кім‑, чым‑н. Кінуўшы мужа, Марына Паўлаўна як мага старалася ўнікаць з ім сустрэчы. Зарэцкі. [Тапурыя:] — Пачаў я ўнікаць людзей, і нейкі час як бы хвароба ў мяне такая была: дрэнна мне пры людзях! Самуйлёнак. Непакоіла няпэўнасць адносін з Ленай. Чаму дзяўчына ўнікае яго [Андрэя]? Няўжо яна пагарджае ім? Сапрыка. // ад каго. Быць заўважаным, убачаным. Так, глытаючы слёзы, прыўды, разважае Алена. Ад Ганькі не ўнікае матчын настрой. Васілевіч.

4. у што. Удумвацца, імкнуцца зразумець сутнасць чаго‑н. Віктар учытваўся, унікаў у змест. І раз, і другі прабягаў вачыма напісанае. Паўлаў. Толькі там, пад зямлёю, калі сачыў за працай Сапегі, унікаў у складаныя яе дэталі, ён [Савіцкі] перайначваўся. Лупсякоў.

уні́клівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць уніклівага. А дзяўчаты, калі ён [малады чалавек] праходзіў, глядзелі наўздагон ва ўсе вочы, забыўшыся на сарамяжлівасць і стрыманасць, забыўшыся нават на спрадвечную жаночую ўніклівасць, якая бліжэй за ўсё да какецтва. Караткевіч.

уні́клівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які пазбягае прама і адкрыта выказваць свае думкі. // Непрамы, пазбаўлены шчырасці. Уніклівы адказ.

2. Які глыбока ўнікае ў сутнасць справы; дапытлівы. Не было больш цярплівага, памяркоўнага «экскурсавода», быў начальнік будоўлі: патрабавальны, уніклівы чалавек, якому да ўсяго ёсць справа. Дадзіёмаў. [Рыбак] гутарыць з дзецьмі, якія абступілі яго лодку, і ахвотна, цярпліва адказвае на іх бясконцыя, уніклівыя запытанні. В. Вольскі. // Праніклівы. Уніклівая думка чалавека.

унікне́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. унікаць (у 1 знач.) — унікнуць.

уні́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не.

Зак. да унікаць.

у́нікум, ‑а, м.

Рэдкі, адзіны ў сваім родзе экземпляр (прадмет або чалавек). Завод-унікум. □ Мяфодзій Кірылавіч Задзерынос, пра якога мы, яго былыя падначаленыя, хочам расказаць, можна сказаць, адзіны экземпляр прыроды, унікум. Прокша. Старому Бародку даўно была пара выходзіць на пенсію, але, відаць, яго трымалі на службе як своеасаблівы астрожны унікум. Машара.

[Лац. unicum — адзіны ў сваім родзе.]

уні́мак, ‑мку, м.

Разм. У выразах: без унімку — бесперастанку. Архіп Архіпавіч нешта ўсё гаварыў. Гаварыў без унімку. Сіняўскі; няма (не мець) унімку — нельга спыніць, стрымаць. З тыдзень унімку не было, жыць не давала [гаспадыня], поедам мяне ела. Сачанка. На ўсходзе неба запалавела, а грымучае пекла не мела унімку. Чорны.

унісо́н, ‑у, м.

Адначасовае гучанне двух або некалькіх гукаў аднолькавай вышыні і аднолькавых гукаў у розных актавах.

•••

Ва ўнісон — а) сугучна (спяваць, гучаць і пад.); б) зладжана (рабіць што‑н., дзейнічаць і пад.).

[Іт. unison.]