універсалі́зм, ‑у, м.
Кніжн. Валоданне разнастайнымі ведамі, звесткамі, навыкамі. // Мнагапланавасць чаго‑н. Універсалізм дробнай сялянскай гаспадаркі.
універса́ліі, ‑ій; адз. няма.
Тэрмін, які абазначае агульныя паняцці.
•••
Універсаліі лінгвістычныя — з’явы і ўласцівасці, характэрныя для ўсіх моў свету.
[Ад лац. universalis — усеагульны.]
універса́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць універсальнага. Універсальнасць акцёра. Універсальнасць метадаў лячэння. □ Універсальнасць, усеабдымнасць, дакладнасць і сцісласць — гэтыя вызначальныя рысы выданняў такога тыпу .. вытрыманы і ў Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. Юрэвіч.
універса́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ахоплівае ўсё, многае; усеабдымны. Універсальныя веды. Універсальныя звесткі. Універсальны спецыяліст. // Прызначаны для гандлю разнастайнымі таварамі. Універсальны магазін.
2. З разнастайным прызначэннем, для разнастайнага выкарыстання. Універсальны інструмент. Універсальная сталь. Універсальны станок.
універса́м, ‑а, м.
Вялікі магазін з самаабслугоўваннем, які гандлюе прадуктовымі і непрадуктовымі таварамі паўсядзённага пошту.
універса́нт, ‑а, М ‑нце, м.
Разм. Студэнт універсітэта; чалавек з універсітэцкай адукацыяй.
універса́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Разм. Жан. да універсант.
універсітэ́т, ‑а, М ‑тэце, м.
1. Вышэйшая навучальная і навуковая ўстанова з асобнымі аддзяленнямі (факультэтамі) па розных гуманітарных і прыродазнаўча-матэматычных навуках. Рэктар універсітэта. □ [Сцёпка:] — Я думаю, скончыўшы рабфак, падавацца ва універсітэт. Колас. // Будынак, дзе знаходзіцца гэта ўстанова. // перан. Тое, што дае вопыт, веды без навучальнай установы. [У Лукішках] .. [М. Танк] праходзіў той жыццёвы універсітэт, у якім адбывалася апошняя загартоўка сапраўдных рэвалюцыянераў. Бугаёў.
2. Назва навучальных устаноў па павышэнню агульнаадукацыйных і навукова-палітычных ведаў. Вячэрні універсітэт марксізма-ленінізма. □ [Сакратар партбюро:] — З калгаса прыслалі пісьмо. Універсітэт культуры адкрываюць. Просяць лектара. Марціновіч.
[Ад лац. universitas — сукупнасць.]
універсітэ́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да універсітэта. Універсітэцкі статут. Універсітэцкая бібліятэка. // Звязаны са знаходжаннем, навучаннем або выкладаннем ва універсітэце. Універсітэцкі выкладчык.
універсія́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Студэнцкія спартыўныя спаборніцтвы.