Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

новаўтво́раны, ‑ая, ‑ае.

Які толькі што, нядаўна ўтварыўся.

но́венькі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Зусім новы (у 1 знач.). У той вечар гаспадары сыходзіліся глядзець на новенькую жняярку. Чорны.

2. у знач. наз. но́венькае, ‑ага, н. Навіна. [Гарлахвацкі:] Сядайце, расказвайце, што новенькага. Як жывём, працуем? Крапіва.

3. у знач. наз. но́венькі, ‑ага, м.; но́венькая, ‑ай, ж. Навічок.

но́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Набыты або зроблены нядаўна; які не быў ва ўжыванні раней. Новы дом. □ Новыя танкі стаялі роўным радам. Мележ. Сам Банадысь, высокі, у новым кажуху, .. ішоў побач з канём. Чорны. // Які не існаваў раней, які ўзнік, з’явіўся нядаўна. Новы горад. □ З учарашняга дня дзядзька Якуб — старшыня, а Санька — сакратар новай улады: сельскага Савета. Якімовіч. Перад вачыма стаялі вобразы новых знаёмых. Шамякін.

2. Адкрыты, вынайдзены нядаўна; раней невядомы. Новае лякарства. Новая планета. // Які не давялося зведаць; зазнаць раней. Новая радасць. □ [Зося] уся страпянулася ад прыліву новага .. і моцнага пачуцця і ўжо цвёрда рушыла ісці. Чорны. // у знач. наз. но́вае, ‑ага, н. Тое, што нядаўна ўзнікла, з’явілася. Старое аджывае свой век, на яго месца прыходзіць новае. Арабей.

3. Незнаёмы, малавядомы каму‑н., дзе‑н. Бераг .. [Пнівадкі] жыў новымі гукамі: стук сякер, шоргат піл, песні. Чорны. // Які нядаўна з’явіўся дзе‑н., нядаўна займаецца чым‑н. Ён чалавек новы на заводзе.

4. Які прыйшоў на змену ранейшаму, замяніў сабой тое, што было. Новы дырэктар. Новыя пасажыры. □ Так вось і загінуў бы ганарлівы ручай, калі б зноў не прыйшлі людзі і на месца высечанага лесу не пасадзілі новыя дрэўцы. Шуцько. // Чарговы, наступны. Трактар дайшоў да канца і, завярнуўшыся, заняў новыя барозны. Паслядовіч. Прырода радасна сустракала з’яўленне новага дня. Чарнышэвіч.

5. Які мае адносіны да нашай эпохі, часу. Новая гісторыя. □ Мы ідзём па зямлі, Людзі новага часу. Звонак. З першай рускай рэвалюцыяй звязана і нараджэнне новай беларускай літаратуры. Ярош.

6. Не той, што раней; іншы. У новым, іншым асвятленні Пісьмо ўсплывае перад ім. Колас. І вуліца, і людзі, і сонца здаваліся .. [Эміліі] новымі. Маўр.

7. Гэтага года, апошняга ўраджаю. Новым, ліпеньскім хлебам Запыліліся жорны. Броўка.

8. у знач. наз. но́вае, ‑ага, н. Навіна. Расказвайце, што ў вас новага?

•••

Новы год гл. год.

Новы завет гл. завет.

Новы свет гл. свет.

Новы стыль гл. стыль.

Новыя мовы гл. мова.

Помніць да новых венікаў гл. помніць.

Спяваць на новы лад гл. спяваць.

Як баран на новыя вароты (глядзець) гл. баран.

но́гаць, ‑гця; мн. ногці, ‑цяў; м.

Рагавое покрыва, рагавая пласцінка на канцах пальцаў чалавека; пазногаць.

•••

К ногцю, да ногця — знішчыць, забіць. К ногцю б такую погань! — пакрыў апошнія словы чыйсьці густы бас. Машара.

Ні на ногаць — ані, ніколькі.

но́гцевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ногця. Ногцевая фаланга.

нож, нажа, м.

1. Прылада для рэзання, якая складаецца з ляза і ручкі. Зрабіўшы нажом метку на яліне, дзед важна стаў у баявую позу і падняў пісталет угору. Лынькоў. Шаройка бегаў сам на кухню, прыносіў відэльцы, нажы. Шамякін.

2. Рэжучая частка розных машын, інструментаў. Два калгаснікі завіхаліся каля сячкарні. Адзін падаваў салому ў жолаб пад зубы і нажы, а другі круціў кола спецыяльна прыстасаванаю ручкаю. Колас.

•••

Фінскі нож — кароткі з тоўстай рэжучай часткай нож, які носяць у ножнах.

Без нажа зарэзаць гл. зарэзаць.

Легчы пад нож гл. легчы.

На нажах з кім — у варожых адносінах.

Нож у спіну каму — аб подлым, здрадніцкім ўчынку.

Памерці пад нажом гл. памерці.

Прыстаць з нажом да горла гл. прыстаць.

Тачыць нож гл. тачыць.

Як нажом адрэзаць гл. адрэзаць.

(Як) нож у сэрца — наносіць крыўду, боль, пакуты.

но́жанкі, ‑нак; адз. няма.

Маленькія нажніцы. На падаконнік падала паўднёвае сонца, іскрылася ў кавалку люстэрка, янае ляжала на акне побач з ножанкамі, і лёгкім зайчыкам свяцілася на столі. Алешка.

но́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жан; ж.

1. Памянш.-ласк. да нага (у 1 знач.).

2. Апора, стойка (мэблі, начыння і пад.). На таку .. стаяла саматужная сячкарня.. на чатырох ножках. Колас. У паркеце адсвечваліся ножкі крэслаў, халодныя грані калонаў, гронкі вясёлкавых бра. Скрыган.

3. Ніжняя частка грыба або сцябло расліны. Белую тоўстую ножку.. [баравіка] Люся трымае аберуч. Брыль.

4. Рассоўная частка некаторых інструментаў. Ножка цыркуля.

•••

Казіная ножка — а) самаробная папяроса ў выглядзе люлькі; б) (спец.) інструмент для выдалення зубоў.

Падставіць ножку гл. падставіць.

Рожкі ды ножкі гл. ражок ​1.

Хатка на курыных ножках гл. хатка.

но́жны 1, ножан; адз. няма.

Футарал для шаблі, кінжала і пад. Бразгаючы ножнамі шабляў, з шумам увайшлі салдаты. Самуйлёнак. У казачым стане заварушыліся, некаторыя павыцягвалі з ножан шашкі і памкнуліся на кулямёт. Лобан.

но́жны 2, ‑аў; адз. няма.

1. Вялікія нажніцы. Садовыя ножны. □ Вострымі кравецкімі ножнамі я лёгка выразаў дзве столкі лямцу па велічыні гатовай падкладкі. Якімовіч. [Маці] увайшла ў двор якраз у той час, калі я нагнуўся з ножнамі над ліліяй. Хадановіч.

2. Спец. Машына для рэзання чаго‑н. з дапамогай пары вялікіх нажоў. Дыскавыя ножны.

но́жык, ‑а, м.

Тое, што і нож; невялікі нож. Скроб.. [дзядзька Яўтух] ножыкам бульбіну ды моўчкі хаваў сваю добрую ўсмешку ў сівых вусах. Бялевіч. Шура спыніўся, выняў з кішэні складаны ножык і тронкамі пастукаў у каменную сцяну. Арабей.