кно́раз, ‑а, м.
Разм. Тое, што і кныр. Узяў .. [Яўген] двое падсвінакаў, а мне — кнораза і старую свінню пакінуў. Баранавых.
кнот, ‑а, М кноце; мн. кнаты, ‑оў; м.
Спецыяльная стужка або скручаная ніць, якая служыць для гарэння ў газавай лямпе, свечцы і пад. Нехта падняўся і падкруціў кнот у лямпе. Кавалёў. // Шнур для перадачы агню на адлегласць (пры падпальванні, узрыванні чаго‑н.). «Хлопцы! Трымайцеся моцна, браточкі! Кнот запалілі, паклалі мы ў бочку!..». Дубоўка.
[Ням. Knoten — вузел.]
кно́тавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кнота. Кнотавы нагар. // Які дзейнічае пры дапамозе кнота. Кнотавая газніца.
кно́цік, ‑а, м.
Памянш. да кнот; маленькі кнот. Кноцік упаў на стол, агонь зусім апаў, але затрымаўся на момант, падняўся, асвяціў яшчэ на адзін міг газету і знік. Колас.
кнэ́лі, ‑лей; адз. няма.
Род клецак з мяснога або рыбнага фаршу. Суп з кнэлямі.
[Фр. quenelles.]
княгі́ня, ‑і, ж.
1. Жонка князя.
2. Нар.-паэт. Нявеста. — Вось ты да дзяўчыны заляцаешся і, ведаю я, любіш ты яе. Чым яна для цябе не княгіня? Лынькоў.
кня́жанне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. княжыць; кіраванне княствам.
2. Час, на працягу якога хто‑н. княжыць. Княжанне Усяслава Полацкага.
кня́жацкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да князя, належыць яму. Княжацкі палац. Княжацкі тытул. // Такі, як у князя; багаты, раскошны. Княжацкія ўборы.