Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

друз, ‑у, м.

Маса з бітага камення, цэглы, шкла і пад. Цагляны друз. □ Дззз — жаласна зазвінела аконнае шкло і раптам сыпанулася звонкім друзам. Лынькоў.

дру́за, ‑ы, ж.

Група крышталяў, якія зрасліся ў аснове.

[Ням. Druse — шчотка.]

друза́, ‑ы, ж.

Абл. Друз. Цагляная друза засталася пасля разбураных сцен. «Беларусь».

дру́зачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Дробны кусочак чаго‑н. Шкло пабілася на друзачкі. Колас. Велізарныя крыгі лёду напаўзалі адна на адну і са страшэнным гулам крышыліся на меншыя, разбіваліся на друзачкі. Пальчэўскі.

дру́зласць, ‑і, ж.

Уласцівасць друзлага.

дру́злы, ‑ая, ‑ае.

1. Гнілы, трухлявы, рассыпчаты. Друзлы грыб. □ Ступіўшы на прагаліну,.. дзе друзлы камень асыпаецца крохкай жарствой, [мядзведзь] спыняе крок. Лынькоў. І крыгі яшчэ ішлі. Ужо апошнія — друзлыя, іржавыя. Ракітны.

2. Вялы, рыхлы, азызлы. Друзлае цела. // З рыхлым, азызлым целам. Ураднік — друзлы, з абвіслымі шчокамі, з слязлівымі вачамі ды з нейкай павольнасцю ў руках. Каваль.

дру́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

Разм. Рабіцца друзлым (у 2 знач.).

друі́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Жрэц у старажытных кельтаў.

[Фр. druide.]

друіды́зм, ‑у, м.

Рэлігія старажытных кельтаў.

друк 1, ‑у, м.

1. Працэс вырабу друкаванай прадукцыі; друкаванне. Падрыхтаваць да друку рукапіс. Цэх каляровага друку. Кніга выйшла з друку. □ Міхась лічыцца сёння, на трэцяй змене, адказным за якасць друку. Брыль.

2. Друкаваныя літары, друкаваны тэкст; знешні выгляд, памер друкаванага тэксту. Уборысты друк. □ Адразу кідаецца ў вочы, што друк саматужны. Навуменка.

3. Галіна вытворчасці, якая вырабляе друкаваную прадукцыю; выдавецкая і друкарская справа. Работнікі друку. Органы друку.

4. Тое, што надрукавана, сукупнасць надрукаваных твораў. Перыядычны друк. Насценны друк. □ Пра Анатоля Аніхімоўскага яшчэ ніхто не пісаў, яго партрэта ніколі не было ў друку. Асіпенка. «А дні ідуць» — кніга, высока ацэненая друкам і па заслугах прынятая чытачом. Лужанін.

•••

Памылка друку гл. памылка.

[Ням. Druck.]

друк 2, ‑а, м.

Разм. Сукаватая палка; тоўсты кій. Агародамі, нацянькі, беглі да нас, на расцяробы, мужчыны з друкамі. Сіняўскі.

друкава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. друкаваць.