друк 1, ‑у, м.

1. Працэс вырабу друкаванай прадукцыі; друкаванне. Падрыхтаваць да друку рукапіс. Цэх каляровага друку. Кніга выйшла з друку. □ Міхась лічыцца сёння, на трэцяй змене, адказным за якасць друку. Брыль.

2. Друкаваныя літары, друкаваны тэкст; знешні выгляд, памер друкаванага тэксту. Уборысты друк. □ Адразу кідаецца ў вочы, што друк саматужны. Навуменка.

3. Галіна вытворчасці, якая вырабляе друкаваную прадукцыю; выдавецкая і друкарская справа. Работнікі друку. Органы друку.

4. Тое, што надрукавана, сукупнасць надрукаваных твораў. Перыядычны друк. Насценны друк. □ Пра Анатоля Аніхімоўскага яшчэ ніхто не пісаў, яго партрэта ніколі не было ў друку. Асіпенка. «А дні ідуць» — кніга, высока ацэненая друкам і па заслугах прынятая чытачом. Лужанін.

•••

Памылка друку гл. памылка.

[Ням. Druck.]

друк 2, ‑а, м.

Разм. Сукаватая палка; тоўсты кій. Агародамі, нацянькі, беглі да нас, на расцяробы, мужчыны з друкамі. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)