Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзе́даў, ‑ава.

Які належыць дзеду ​1 (у 1, 2 знач.). Дзедава хата стаіць усімі вокнамі на возера, да сонца. Брыль.

дзе́даўскі і дзядо́ўскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да дзеда ​1 (у 1, 2 знач.). Хата наша — яшчэ дзедаўская, малая і нізкая. Брыль. Першы раз .. пакідаю з прымусу Кут дзядоўскі, што казкамі здаўна пранік. Тарас.

2. Атрыманы ў спадчыну ад продкаў, уласцівы продкам; старадаўні; устарэлы. Дзедаўскі спосаб апрацоўкі зямлі. Дзедаўская тэхніка. Дзедаўскія звычкі.

дзе́даўшчына, ‑ы, ж.

Разм.

1. Спадчына пасля дзеда (пераважна зямельная).

2. Дзедаўскі, старадаўні спосаб, звычай. — А шум ужо даўно па раёне ідзе: пятроўцы назад пайшлі, на дзедаўшчыну павярнулі! Ракітны.

дзе́дзіч і дзе́дзіц, ‑а, м.

Гіст.

1. Наследнік дзедаўскага памесця, двара, маёнтка. Цяпер сын [пана] Крукоўскага прад’явіў свае прэтэнзіі. Дзед Хвядос так і сказаў: «прэтэнзіі». А калі ён дапасаваў гэтае хітрае слова да маладога дзедзіца, дык дабра не чакай. Бажко.

2. Уладар маёнтка, атрыманага ў спадчыну ад продкаў; землеўладальнік. У тыя часы на Прыдняпроўі ў багатых дзедзіцаў заўсёды існавалі пры стайні, праварыне і бегавых дарожках — словам, пры ўсім, што складала конскі завод — некалькі пакояў, штосьці накшталт мужчынскага клуба. Караткевіч.

дзе́дка, ‑і, м.

Памянш.-ласк. да дзед ​1.

дзеепрыме́тнік, ‑а, м.

Форма дзеяслова, у якой сумяшчаюцца адзнакі дзеяслова (час, стан, трыванне) і прыметніка (змена па родах, скланенне). Дзеепрыметнікі залежнага стану. Дзеепрыметнікі незалежнага стану.

дзеепрыме́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дзеепрыметніка. Дзеепрыметная форма. // Выражаны з дапамогай дзеепрыметніка. Дзеепрыметнае словазлучэнне.

дзеепрысло́ўе, ‑я, н.

Нязменная форма дзеяслова, якая спалучае ў сабе адзнакі дзеяслова і прыслоўя. Дзеепрыслоўе цяперашняга часу. Дзеепрыслоўе прошлага часу.

дзеепрысло́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дзеепрыслоўя. Дзеепрыслоўная форма. // Выражаны з дапамогай дзеепрыслоўя. Дзеепрыслоўнае словазлучэнне.

дзе́жачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш. да дзежка; невялікая дзежка. Лазарыха наліла на патэльню з дзежачкі цеста і ўслухоўваецца ў сварку. Галавач. Зеленаватыя рыжыкі складаліся ў дзежачкі, гліняныя слоікі, саліліся. Васілевіч.