ціпчако́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ціпчаку; парослы ціпчаком. У пачатку жніўня атары пераганяюць.. у ціпчаковыя стэпы. Беразняк.
ціп-ці́п, выкл.
Вокліч, якім падзываюць курэй. Прытоіцца [хітрун] за плотам, нібы цень, І ціхенька курэй прыманьвае з гарода: «Ціп-ціп! Ціп-ціп!» Корбан.
цір 1, ‑а, м.
Закрытае ці паўзакрытае памяшканне для вучэбнай і трэніровачнай стральбы з ручной агнястрэльнай і пнеўматычнай зброі. Вася колькі разоў страляў да гэтага з дробнакалібернай у ціры. Пальчэўскі. Страляць навучаецца ў ціры Суворавец, юны салдат. Аўрамчык.
[Фр. tir.]
цір 2, ‑у, м.
Спец. Састаў з смалы, каніфолі і інш., якім змазваюць стаячы такелаж і рангоўт на караблях.
[Гал. teer.]
цірава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. ціраваць.
цірава́цца, ‑руецца; незак.
Зал. да ціраваць.
цірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што.
Змазваць, пакрываць цірам 2.
ціро́льскі, ‑ая, ‑ае.
Такі, як у Ціролі; уласцівы жыхарам Ціроля. Цірольскія песні. Цірольскі танец. Цірольскі капялюш.
ціс, ‑а і ‑у, м.
1. ‑а. Хвойнае вечназялёнае дрэва ці куст сямейства цісавых з цвёрдай буравата-чырвонай драўнінай.
2. ‑у, толькі адз. Драўніна гэтага дрэва.
ці́савы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да ціса, уласцівы цісу. Цісавая драўніна. Цісавая алея. // Зроблены з цісу. Цісавая фанера.
2. у знач. наз. ці́савыя, ‑ых. Сямейства двухдомных вечназялёных хвойных дрэў ці кустоў, да якога адносіцца ціс.
ціск, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. ціснуць 1 (у 1 знач.).
2. Спец. Сіла, якая дзейнічае на адзінку плошчы перпендыкулярна да паверхні цела.
3. перан. Настойлівае ўздзеянне на каго‑, што‑н.; прымус. [Настаўнік:] — Грамадзяне! Усім ясны і зразумелы ваш гнеў і абурэнне. Сотні гадоў жылі мы пад панскім ціскам. Колас.
•••
Атмасферны ціск — напор атмасферы на ўсе размешчаныя ў ёй прадметы і на зямную паверхню.
Нагнясці ціск гл. нагнясці.
Ціск крыві (крывяны ціск) — бакавы ціск на сценкі крывяносных сасудаў.