дзя́цельнік, ‑у, м.
Тое, што і дзяцеліна. Скуратовіч, бывала, калі пацягне два разы касой у сябе за гумном, то на цэлую ноч накосіць дзяцельніку ўсёй сваёй жывёле. Чорны.
дзяці́на, ‑ы, м.
Разм. Пра рослага, здаровага хлопца. Гэта быў высачэзны .. дзяціна, з вузкім прадаўгаватым тварам і чорнай грывай валасоў. Навуменка.
дзяці́нец 1, ‑нца, м.
Цэнтральная ўмацаваная частка горада ў Старажытнай Русі; крэмль. Копысь — гэта «драўляны горад Мсціслаўскага ваяводства, абнесены сцяной з вежамі і ўмацаваны драўляным дзяцінцам, размешчаным пасярэдзіне высокага ўзгорка». «Полымя».
дзяці́нец 2, ‑нцу, м.
Хвароба маленькіх дзяцей, якая праяўляецца ў перыядычных прыпадках з сутаргамі і стратай прытомнасці.
дзяці́нець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Разм. Траціць развагу, выжываць з розуму (звычайна пра старых).
дзяці́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; незак.
Разм. Паводзіць сябе несур’ёзна, па-дзіцячаму. Сцяпану вельмі хацелася б патанцаваць з Маяй, але ён не мог дазволіць сабе так сваволіць і дзяцініцца, як гэта рабочая моладзь. Дуброўскі. — Ах, каб цябе, — злавалася старац, — дваццаць гадоў мае, а дзяцініцца... М. Стральцоў.
дзяці́нства, ‑а, н.
1. Дзіцячы ўзрост; дзіцячыя гады. Шчаслівае дзяцінства. Знаёмы з дзяцінства. □ Васіль Пятровіч нарадзіўся ў Мінску, тут.. прайшло яго дзяцінства, юнацтва. Карпаў.
2. Па-дзіцячаму несур’ёзныя, легкадумныя паводзіны і ўчынкі дарослых. [Валодзя] трымаў сябе стала, сур’ёзна і сціпла і не мог дазволіць.. дзяцінства. Шамякін.
дзяці́ны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Дзіцячы. Вясёлы, дружны шум уварваўся ў школу, звонкія, шчаслівыя дзяціныя галасы напоўнілі ўвесь дом.. Колас. І прыйду ў Беларусь сваю Сцежкай даўняй, дзяцінаю. Панчанка.
дзяцю́к, дзецюка, м.
Разм. Юнак, хлопец. Адам, які па мірным часе хадзіў бы ў шосты клас,.. выглядаў ладным дзецюком. Навуменка. Цяпер яго Васільком зваць было неяк няёмка — гэта быў зграбны, плячысты дзяцюк, які толькі абліччам і, галоўнае, вачамі нагадваў даўнейшага гарэзнага школьніка. Дубоўка. // Нежанаты малады чалавек; кавалер. — А ён жа, Васіль, усё-такі яшчэ хлопец малады, мог бы смела гадоў з два пагуляць дзецюком. Гартны.
дзячо́к, ‑чка, м.
Тое, што і дзяк (у 2 знач.).
дзячы́ха, ‑і, ДМ ‑чысе, ж.
Разм. Дзякова жонка.