лю́тня, ‑і, ж.
Струнны шчыпковы музычны інструмент.
[Польск. lutnia.]
лю́ты 1, ‑ая, ‑ае.
1. Злы, крыважэрны (пра жывёл). Лютыя камары. Люты звер. □ З-за дрэў пазіралі лютыя тыгры, грывастыя львы і малпы. Грамовіч. Зазлаваны пан Чапкоўскі нацкаваў на яго лютых сабак. Бядуля. // Жорсткі, бязлітасны (пра чалавека, яго стан). Люты вораг. Лютая нянавісць. □ Жанчына ўстала з-за стала і, расставіўшы рукі са сцятымі кулакамі, ішла на .. [Морыса], лютая, раз’юшаная. Лынькоў. // перан. Няшчадны, кровапралітны (пра бітву, бой і пад.). І ў час, калі была трывога, Адною дружнаю сям’ёй Ішлі ў нялёгкую дарогу За родны край мы ў люты бой. Астрэйка.
2. перан. Які прычыняе нясцерпныя пакуты; невыказна цяжкі. Лютая смерць. Люты боль. □ [Бандароўна] ведае, што яе чакае лютая расправа, але нават і не думае прасіць літасці. Шкраба. // Які выражае жорсткасць, злосць. Люты позірк. Люты выгляд. □ Збялелыя губы [Гунава] дрыжалі і твар раз-поразу перасмыквала лютая грымаса. Самуйлёнак. // Суровы, крайне строгі. Люты нораў.
3. Вельмі моцны ў сваім праяўленні; сіберны (пра з’явы прыроды). Лютая сцюжа. Лютая бура. □ Над станцыяй гулялі студзеньскія мяцеліцы, вылі і стагналі лютыя ветры. Шчарбатаў.
лю́ты 2, ‑ага, м.
Другі месяц каляндарнага года. Гэтай зімою .. [снегу] выпала мала, да самага лютага зямля ляжала амаль зусім голай. Васілёнак.
лютэра́нін, ‑а; мн. ‑ране, ‑ран; м.
Той, хто вызнае лютэранства.
лютэра́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да лютэранін.
лютэра́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да лютэранства, лютэран, належыць, уласцівы ім. Лютэранская рэлігія. Лютэранская царква.
лютэра́нства, ‑а, н.
Адна з плыней хрысціянскага пратэстанцкага веравызнання, якая ўзнікла ў 16 ст. ў Германіі на аснове вучэння Марціна Лютэра.
люфа́, ‑ы, ж.
Паўднёвая аднагадовая расліна сямейства гарбузовых, завязі якой ужываюцца ў ежу, а спелыя плады ідуць на выраб мачалак, летніх галаўных убораў і інш.
[Араб.]
лю́фавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да люфы. // Зроблены, выраблены з люфы. Люфавая мачалка.
люфт, ‑у, М ‑фце, м.
Зазор паміж часткамі машыны. Люфт рулявога кола аўтамабіля.
[Ням. Luft — паветра.]
люце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Разм. Станавіцца лютым, жорсткім, бязлітасным. Вораг люцее. Мароз люцее.