Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

люстра́цыя, ‑і, ж.

У заходніх губернях царскай Расіі — перыядычнае апісанне дзяржаўных маёмасцей з мэтай вызначэння іх прыбытковасці.

[Польск. lustracja ад лац. lustrum.]

люстры́н, ‑у, м.

Уст. Шарсцяная ці паўшарсцяная тканіна з глянцам.

[Фр. lustrine.]

люстры́навы, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які мае адносіны да люстрыну. // Пашыты з люстрыну. Люстрынавая спадніца.

люстэ́рка, ‑а; Р мн. ‑рак; н.

1. Тое, што і люстра ​1 (у 1, 2 знач.). Стаіць люстэрка аж да столі, На сценах граюць дываны. Бялевіч. Аер канчаўся, люстэрка затокі было зусім блізка. Хадкевіч. [Іра:] — Колер тваіх вачэй падобен на Балтыйскае мора: ніколі не ўловіш адцення яго колеру. А вочы — люстэрка душы. Гарбук.

2. Невялічнае люстра. У таксі, як і ў кожнай аўтамашыне, ёсць над рулём люстэрка. Брыль. Максім паставіў на скрыню чамадан, у века якога знутры было прыладжана люстэрка, і пачаў галіцца. Шамякін.

лютава́ць, ‑тую, ‑туеш; ‑туе; незак.

1. Праяўляць лютасць, жорсткасць у дзеяннях, учынках. Дзед хварэў, бабка баялася нават выходзіць з дому: так лютавалі ў вёсцы гітлераўцы. Васілевіч.

2. Праяўляцца з вельмі вялікай сілай (пра мароз, завіруху і пад.). Лютавала ранняя суровая зіма: трашчалі маразы, вылі снежныя завірухі. Шамякін. Лютаваў вецер у начной цемры і сек па тварах дробным халодным дажджом. Дуброўскі.

лю́тасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць лютага ​1. Больш за два тыдні ішлі бесперапынныя, нечуванай лютасці баі. Кулакоўскі. Здавалася, што зіма ўсе свае апошнія сілы, усю сваю лютасць кінула на гэты невялікі пасёлак. Бяганская.

2. Люты; раз’юшаны, гнеўны стан. З лесу паказалася некалькі адзінокіх аленяў. З’яўленне іх выклікала ў сямейнага аленя прыступ лютасці і гневу. В. Вольскі.

лю́таўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лютага ​2, уласцівы яму. Лютаўскі дзень. Лютаўская завіруха. □ Вее з Балтыкі Лютаўскі вецер халодны. Глебка. // Які адбываецца ў лютым ​2. Лютаўскі пленум.

лю́тневы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лютні. Лютневая музыка.

лютні́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Той, хто іграе на лютні.

лютні́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да лютніст.