лю́мпен-пралетарыя́т, ‑у, М ‑яце, м.
Дэкласаваны слой людзей у антаганістычным грамадстве (басякі, валацугі, жабракі і пад.).
[Ням. Lumpenproletariat; ад Lumpen — лахманы і Proletariat.]
люне́т, ‑а, М ‑неце, м.
1. Уст. Палявое ўмацаванне, якое складаецца з аднаго-двух валоў і рова ўперадзе.
2. У архітэктуры — арачны праём у скляпенні ці сцяне над дзвярамі ці акном, абмежаваны гарызантальна знізу.
[Фр. lunette.]
люпазо́рый, ‑я, м.
Спецыяльная лячэбная ўстанова для хворых на туберкулёз скуры.
лю́пус, ‑у, м.
Спец. Адзін з відаў туберкулёзу скуры; туберкулёзная ваўчанка.
[Ад лац. lupus — воўк.]
лю́ракс, ‑у, м.
Бліскучая нітка або вузкая палоска з металізаванай ці пакрытай фальгой плёнкі. Тканіны з люраксам.
лю́стра 1, ‑а, н.
1. Адшліфаваная паверхня (шкла, металу), здольная даваць адбіткі тых прадметаў, якія знаходзяцца перад ёю, а таксама спецыяльна зроблены прадмет з такой паверхняй. Алёша спыніўся ў вестыбюлі перад вялікім люстрам і спачатку нават не пазнаў сябе. Васілевіч. // перан., чаго. Спакойная, гладкая паверхня вады. Нерухомае возера-старыца нібы застыла, ашклела, люстра яго з незвычайнай яскравасцю адбівала такія ж нерухомыя хмары і дубы. Шамякін.
2. перан.; чаго. Аб тым, што з’яўляецца адлюстраваннем якіх‑н. з’яў, працэсаў і пад.; адбітак. Паэзія, па думцы Купалы, павінна быць праўдзівым люстрам жыцця народа. Івашын.
3. Спец. Паверхня, плошча чаго‑н. Люстра гарэння. Люстра цыліндра.
лю́стра 2, ‑ы, ж.
Падвесны асвятляльны прыбор з некалькімі крыніцамі святла (электралямпамі ці свечкамі) і аздобленай арматурай. Вялікая люстра пад столлю запалілася мяккім рассеяным святлом. Васілёнак.
[Фр. lustre.]
люстрава́цца, ‑руецца; незак.
1. Блішчаць, адсвечваць, як люстра 1. Люстравалася рэчка Сярод лугавін. Бядуля.
2. Адлюстроўвацца. У ціхай рэчцы мякка люстраваліся чырвань неба, бледны сярпок месяца і далёкія ярка-малінавыя аблокі, якія былі падобны на казачных жар-птушак. Хомчанка. Мужчыны адзін за адным, несучы на плячах косы, у якіх люстравалася сонца, сыходзіліся да брыгадзіравай дзялянкі на сняданак. Сабаленка.
люстрава́ць, ‑руе; незак.
1. Блішчаць, адсвечваць, як люстра 1. Люструе гладзь возера.
2. Адлюстроўваць. Страха .. ужо даўнавата паспела замшэць і грузна апускалася над вокнамі, якія люстравалі ў сабе тыя медныя блікі, што доўгай палосаю застылі далёка над цёмнымі палямі. Пестрак.
люстра́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць люстранага (у 2 знач.). Люстранасць рэк. □ Прыбярэжныя паплавы валілі веснавыя воды, і сярод іх неагляднай люстранасці трывожна стаялі купкі дрэў і падгалістага алешніку. Хведаровіч.
люстра́ны, ‑ая, ‑ае і люстраны́, ‑а́я, ‑о́е.
1. Які мае адносіны да люстра 1 (у 1 знач.). Люстраная майстэрня. Люстраная вытворчасць. // Уласцівы люстру, такі, як у люстра. Люстраны глянец. Люстраная паліроўна. // Які з’яўляецца люстрам, з люстрам. Люстрана-лінзавы тэлескоп. □ Станіслаў праз сілу ўзнімаецца з крэсла, падыходзіць да шафы і, раней, чым адчыніць яе, узіраецца ў люстраныя дзверы. Мікуліч.
2. перан. З бліскучай, гладкай паверхняй. Быстра слізгацяць душагубкі па люстранай вадзе пад лоўкімі ўзмахамі вёсел. Колас. Над ракою над шырокай, Над люстранаю ракой, Над лазою невысокай Ходзіць ветрык-неспакой. Астрэйка.
•••
Люстранае шкло гл. шкло.
Люстраны карп гл. карп.