дзя́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Тое, што і цяўкаць. Недзе злева басавіта дзяўкае сабака і сціхае. С. Александровіч. Дарэмна дзяўкае Карпусь, дарэмна кпіць з іхняй работы. Баранавых.
дзяўча́ткі, ‑так; адз. няма.
Разм. Ласк. да дзяўчаты (гл. дзяўчына). Твараў дзяўчатак-рахункаводаў Собіч не мог разабраць — на ўсіх іх ляжаў нейкі агульны цень перапалоху. Скрыган. Хлопцы і нават дзяўчаткі хіхікалі і круціліся на партах. Брыль.
дзяўчо́, ‑чаці, н.
Разм. Дзяўчына-падлетак. Прыйшло са школы-інтэрната шаснаццацігадовае дзяўчо. «Работніца і сялянка». [У кожнай] хаце За вымытым блакітам рам Расце па добраму дзяўчаці — Галовы ўскружваць юнакам. Лойка.
дзяўчы́на, ‑ы; мн. дзяўчаты, ‑чат і (з ліч.) дзяўчыны, ‑чын; ж.
Паўналетняя незамужняя жанчына. Дзве дзяўчыны. □ Жаніўся Мартын, узяў сінявокую Грабарову Еву, сталую зграбную дзяўчыну і разумную. Колас. Бегаюць адна за адной дзяўчаты, умаўляюцца — куды збірацца гуляць. Мурашка. Чым дзяўчына стражэйшая, тым яна прыгажэйшая і даражэйшая. З нар.
дзяўчы́начка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Нар.-паэт. Ласк. да дзяўчына.
дзяўчы́нін, ‑а.
Разм. Які належыць дзяўчыне. Дзяўчынін твар. Дзяўчыніна фатаграфія. □ Цвілі ружы ў дзяўчыніным сэрцы, чарнелі і вялі іх пялёсткі, і зноў румяніліся і ружавелі. Чорны.
дзяўчы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Дзіця або падлетак жаночага полу. Падрасла дзяўчынка, стала ёй сем гадоў, пачала сама пасвіць карову. Якімовіч. [Ліда] пачала афармляцца ў дарослую, спрытную дзяўчынку, з якой прыемна пагутарыць. Брыль.
2. Памянш.-ласк. да дзяўчына.
дзя́цел, дзятла; мн. дзятлы, ‑аў; м.
Лясная птушка з доўгай моцнай дзюбай, якая здабывае ежу ў кары дрэў. Стракаты дзяцел. Чорны дзяцел. □ Даўгахвостыя дзятлы, у чорных вопратках з чырвонымі палоскамі, заўзята барабаняць па дрэвах сваімі вострымі дзюбамі — то дробна і часта, то расцяжна, з перапынкамі. Якімовіч.
дзя́целіна, ‑ы, ж.
Дзікая канюшына; дзяцельнік. На белай дзяцеліне, што кучаравіцца ля кузні, зумкаюць пчолы. Даніленка. Коні скубуць дзяцеліну, гучна і часта фыркаюць. Сачанка.