Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пажа́рышча, ‑а, н.

Месца, дзе быў пажар; тое, што засталося пасля пажару. А завіруха гудзела, памятала гурбы, прыкрывала снегам чорныя галавешкі пажарышча. Лынькоў. На дварах наўсцяж яшчэ дымяць пажарышчы, стаяць чорныя, абвугленыя дрэвы, нялюдска вытыркаюцца закопчаныя печы. Навуменка.

пажа́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пажаць (у 1 знач.).

пажаўце́лы, ‑ая, ‑ае.

Які зрабіўся жоўтым, пажаўцеў. Удалечыні віднеўся пажаўцелы бярэзнік. Пальчэўскі. Сабіна вышывае: у руках у яе белая.. пажаўцелая ад часу, кофта. Ракітны.

пажаўце́нне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. пажаўцець.

пажаўце́ць, ‑жаўцею, ‑жаўцееш, ‑жаўцее; зак.

Стаць жоўтым, жаўцейшым; набыць жаўтаватае адценне. Мармур высачэзных калон.. трошкі пажаўцеў, нагадваючы слановую косць. Караткевіч. // Паспець (пра плады, злакі). Пачало даспяваць жыта, следам за ім пажаўцелі аўсы. Дуброўскі. // Страціць зялёную афарбоўку, завяць (пра лісце, траву). Сям-там пажаўцела ўжо лісце. Скрыган. З клёнаў, яшчэ не паспеўшых добра пажаўцець, пасыпалася восеньская пацяруха. Савіцкі. // Набыць нездаровы колер. Твар пажаўцеў. □ Бабініч зусім асалавеў, вочы яго Пажаўцелі. Колас.

пажаўці́ць, ‑жаўчу, ‑жоўціш, ‑жоўціць; зак.

Зрабіць жоўтым, жаўцейшым.

пажа́ць, ‑жну, ‑жнеш, ‑жне; ‑жнём, ‑жняце; зак., што.

1. Зжаць усё, многае. Зямля ўся жоўтая ад ячменю.. Толькі там, дзе яго пажалі ля дарогі, зямля здалёку здаецца белай, што іней. Пташнікаў.

2. перан. Атрымаць здабытак ад чаго‑н. зробленага; заслужыць. Хто агонь тут пасеяў, — Смяротны пажне тут пажар... Куляшоў.

3. і без дап. Жаць нейкі час.

пажваве́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які стаў жвавым, жвавейшым. Бадзёры, пажвавелы, лёгкі на ногі, дзядзька кружыў з Цэсарам па сцежках, паказваў самыя патаемныя мясціны. Вышынскі.

пажваве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Стаць жвавым, жвавейшым. Выпіўшы малака, дзеці пажвавелі. Ставер. Праз нейкі час людзі ступілі [з балота] на цвёрды грунт і адразу пажвавелі. Шчарбатаў. Пажвавела гаворка, пачуўся нечы звонкі бесклапотны смех. Мележ.

пажлу́кціцца, ‑жлукціцца; зак.

Выжлукціцца — пра ўсё, многае.