левулёза, ‑ы, ж.
Спец. Цукар, які змяшчаецца ў мёдзе, салодкіх пладах; фруктоза.
[Ад лац. laevus — левы.]
ле́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Размешчаны з таго боку цела, дзе знаходзіцца сэрца; проціл. правы. Левая нага. Левае вуха. □ Пані Мар’я левай рукой трымала перад сабой разгорнутую кнігу, а ў правай — ручку. Брыль. // Размешчаны з боку той рукі, якая бліжэй да сэрца. Левы бок тулава. □ Па правай руцэ цягнуўся ельнік уперамешку з маладымі хвоямі, а з левага боку пачынаўся бярэзнік. Колас. // Размешчаны з боку левай рукі, па левы бок, калі стаць тварам у напрамку руху, цячэння і пад. Вада ў рацэ разлілася шырока, залівала ўвесь нізкі левы бераг. Чорны.
2. Палітычна радыкальны ці больш радыкальны, чым іншыя (ад левага боку парламенцкай залы, дзе па традыцыі размяшчаюцца члены радыкальных і рэвалюцыйных партый). Левая фракцыя парламента. Газеты левага напрамку. / у знач. наз. ле́выя, ‑ых. Пра людзей.
3. Які прыкрывае рэвалюцыйнай фразай дробнабуржуазную сутнасць; апартуністычны. Левы ўхіл. Левы эсэр. / у знач. наз. ле́выя, ‑ых. Пра людзей.
•••
Устаць з левай нагі гл. устаць.
Як левая нага хоча гл. нага.
ле́га, ‑і, ДМ лезе, ж.
Абл. Тое, што і лага (у 1 знач.). Бярвенні не каціліся па легах, а коўзаліся, з’язджалі назад, упарта не паддаваліся намаганням рабочых. Пестрак.
легалізава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад легалізаваць.
легалізава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; зак. і незак.
1. Перайсці (пераходзіць) на легальнае становішча. [Ганна] і раней разумела, што без сапраўдных дакументаў тут легалізавацца нельга. Няхай. [Ланге:] — Трэба ж неяк легалізавацца. Пад хатай у склепе сядзець любы здолее. Асіпенка.
2. толькі незак. Зал. да легалізаваць.
легалізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.
Перавесці (пераводзіць) на легальнае становішча.
[Ад фр. légaliser.]
легаліза́цыя, ‑і, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. легалізаваць і легалізавацца.
лега́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць легальнага; узаконенасць чаго‑н. Легальнасць існавання.
лега́льны, ‑ая, ‑ае.
Дазволены законам; узаконены. Легальная партыя. Легальны друк. // Які скарыстоўвае дапушчаныя законам магчымасці, заснаваны на выкарыстанні гэтых магчымасцей. Легальная форма барацьбы. □ Збігнеў зайздросціў тым, каторыя выйшлі на легальнае палажэнне і прымайстраваліся на работу. Карпюк.
[Лац. legalis.]
лега́т, ‑а, М ‑гаце, м.
1. У Старажытным Рыме — пасол сената пры правіцелях правінцыя; намеснік.
2. Дыпламатычны прадстаўнік рымскага папы. Панскі легат.
[Ад лац. legatus — пасланы, пасол.]