Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ко́лік, ‑а, м.

Разм. Памянш. да кол (у 1 знач.); невялікі кол, калок. Са снегу мясцінамі выглядаюць канцы жэрдак ды яшчэ няроўныя крывыя колікі парканаў. Галавач.

ко́лікі, ‑аў; адз. коліка, ‑і, ДМ ‑ліцы, ж.

Рэзкі, востры боль, рэзь у жываце або ў баку. Ні колікаў, ні прыступаў — мінулася бяда, Дапамагла гаючая вада! Валасевіч. Паступова вострая коліка ў палене цішэла, змяншалася і неўзабаве зусім праходзіла. Ставер.

ко́лісь, прысл.

Разм. Калісьці, некалі ў мінулым. І вось на месцы тым стаю, Дзе колісь быў мой ціхі дом. Астрэйка.

ко́лішні і калі́шні, ‑яя, ‑яе.

Які мае адносіны да мінулага, меў месца ў мінулым. Колішняе знаёмства. □ Над краем колішняй бядоты і галечы Жыццё, як сонца, не спыняе рух. Звонак. Цяпер не час той даўні і калішні, Не навіна машына ля двара. Астрэйка.

ко́лка 1, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. калоць ​2. Колка дроў. Колка цукру.

ко́лка 2,

1. Прысл. да колкі ​1.

2. безас. у знач. вык. Пра адчуванне ўколу, рэзі. Колка ісці босымі нагамі па ржэўніку. □ Сорам не елка — вачам не колка. Прыказка.

ко́лкасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць колкага ​1 (у 2 знач.). Колкасць заўвагі.

2. З’едлівая насмешка, колкая заўвага. Гаварыць колкасці.

ко́лкі 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які пры дотыку наносіць укол; калючы. Шарпае пад лёгкімі лапцікамі колкае і яшчэ поўнае соку іржышча. Гарэцкі. // перан. Які выклікае адчуванне, падобнае на адчуванне ўколу (пра вецер, снег, мароз, дождж і пад.). Часам падзьме вецер, і сухі колкі снег, як шрот, непрыемна б’е ў твар. Лупсякоў. Ударыў колкі і густы, Нібы іголкі, дождж. Броўка.

2. перан. З’едлівы, злосны. Раптам успомніліся.. колкія і пякучыя словы, якімі [цётка] не раз надзяляла Васіля. Кулакоўскі.

ко́лкі 2, ‑ая, ‑ае.

Які лёгка колецца. Колкія дровы. Колкі цукар.

ко́лле, ‑я, н., зб.

Калы. — Пачнецца рэвалюцыя, і ўсё зменіцца раптоўна і стыхійна. І той, хто становіцца цяпер на калені перад царскім поездам, пойдзе з коллем на самога цара. Колас.

ко́лца, ‑а, н.

Памянш. да кола (у 1, 2 і 3 знач.). Колцы ножак пранізліва візгатнулі. Савіцкі. У скрынцы пад прылаўкам [хлопцы] знайшлі колцы сухой каўбасы, закусілі. Новікаў. Уверх віліся колцы з самасаду, З трафейных цыгарэт плылі дымкі. Смагаровіч.

ко́лька, ‑і, ДМ ‑льцы, ж.

Разм. Тое, што і колікі. [Леснічыха:] Я зелляў шмат маю і ўсім памагаю ад кашлю і колькі, ад усялякай колькі... Козел.