Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падцадзі́ць, ‑цаджу, ‑цэдзіш, ‑цэдзіць; зак., чаго.

Нацадзіць дадаткова, яшчэ крыху. Падцадзіць малака ў збан.

падцвісці́, ‑цвіце; зак.

Разм. Пакрыцца цвіллю ў некаторых месцах; крыху зацвісці. Сыр падцвіў. Хлеб падцвіў.

падцерабі́ць, ‑цераблю, ‑цярэбіш, ‑цярэбіць; зак., што.

Абсячы, абрэзаць ніжнія галінкі, сучкі на дрэве. Язэп тым часам аблюбаваў на ўскрайку тры маладыя елачкі, крыху падцерабіў іх знізу, нахіліў адну да другой і.. звязаў верхавіны. Ляўданскі.

падцерушы́ць, ‑церушу, ‑цярушыш, ‑цярушыць; зак., чаго.

Цярушачы, падсыпаць чаго‑н. Падцерушыць мукі ў корм жывёле.

падце́рці, падатру, падатрэш, падатрэ; падатром, падатраце; пр. падцёр, ‑церла; зак., што.

Сцерці што‑н. вадкае з паверхні чаго‑н. Падцерці лужыну пад рукамыйнікам. // Выцерці насуха якую‑н. паверхню. Падцерці падлогу. // Злёгку тручы, зняць (напісанае, намаляванае).

•••

Падцерці нос — тое, што і уцерці нос (гл. уцерці).

падцёк, ‑у, м.

1. След ад сцякання якой‑н. вадкасці, фарбы і пад. Размазаць падцёкі пэндэлем. □ Потым ударылі маразы, балота пакрылася тоўстай скарынкай каструбаватага, бугрыстага, з жоўтымі падцёкамі лёду. Дамашэвіч. У засені векавых елак, тулячыся да цёмна-шэрых ствалоў з падцёкамі смалы, роўным радам цягнуліся зямлянкі. Курто.

2. Чырвоная або сіняватая прыпухласць на целе ад падскурнага кровазліцця пасля ўдару. Выгляд.. [чалавека] быў страшны. Бледны твар з крывавымі падцёкамі, парваная адзежа. Відно было, што ён перажыў страшную ноч. Чорны.

падцёклы, ‑ая, ‑ае.

Які мае падцёкі, з падцёкамі. Падцёклыя вокны. // Падпухлы ад кровазліцця пад скуру. Падцёклыя вочы.

падцёлак, ‑лка, м.

Гадавалае цяля. Маю я чатыры каровы з падцёлкам — аддаю на абагульванне. Баранавых.

падцёрты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падцерці.

падцікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго-што.

Разм. Цікуючы тайком, убачыць; падгледзець, высачыць. Аднойчы познім вечарам маці падцікавала Клаву з маладым чалавекам. Стаялі тыя пад ліпамі.. і аб чымсьці гаварылі. Кавалёў. [У кустах лазняку] аж заходзіліся на розныя лады салаўі. Неяк дзед з Сашкам падцікавалі аднаго. Даніленка.