Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цёхкат, ‑у, М ‑наце, м.

Разм. Цёхканне. Сонейка праз цёхкат салаўіны Выплыла, капаецца ў расе. Бялевіч.

цёхкаць, ‑ае; незак.

Разм. Абзывацца гукамі, падобнымі на «цёх-цёх» (пра салаўя). Цёхкае салавей, прысвіствае дрозд, і, як заўсёды, укладае некага спаць перапёлка. Сачанка. У лазовых кустах усё яшчэ цёхкалі салаўі. Асіпенка.

цёхнуць, ‑не; зак.

Аднакр. да цёхкаць.

цёця, ‑і, ж.

1. Зварот, галоўным чынам дзяцей, да дарослай жанчыны. — Добры вечар, цёця Алена! — Галя жвава саскочыла з лаўкі, падбегла да Алены і радасна зашчабятала. Мележ.

2. Багіня ўрадлівасці і дабрабыту ў язычніцкай міфалогіі ўсходніх славян.

цёшка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Брушная частка сяўругі, асётра і некаторых іншых рыб, якая ідзе ў ежу.

ці, злучн. і часціца.

1. злучн. размеркавальны. Ужываецца для супастаўлення членаў сказа і сказаў, якія па сваім значэнні з’яўляюцца аднолькава магчымымі ці раўназначнымі, указваючы на выбар аднаго з іх. Мы аддана служылі і не варажылі, Скосіць нас смерць ці не скосіць. Панчанка. Рана ці позна, позна ці рана высахнуць слёзы, загоіцца рана. Вярцінскі. Я люблю слухаць Дарафея Сцяпанавіча. Асабліва яго паляўнічыя ці рыбацкія апавяданні. Паслядовіч. // З адценнем дапушчэння магчымасці аднаго з членаў сказа. Па-над Прыпяццю між лясоў, пяскоў і балот туліцца невялічкая вёсачка, хат можа так трыццаць ці сорак. Колас. [Граніца] праходзіла за дзве ці тры гадзіны хады на ўсход ад вёскі. Брыль.

2. злучн. размеркавальна-пералічальны. Аб’ядноўвае члены сказа і сказы пры пералічэнні. Ці буду я ў шчасці, ці буду я ў смутку, Ці буду ў вялікай бядзе — Цябе на часінку, цябе на мінутку Нідзе не забуду, нідзе. Бялевіч.

3. Уваходзіць у склад паўторнага пералічальна-размеркавальнага злучніка «ці то..., ці то». Тое, што і то ​1 (у 2 знач.).

4. злучн. далучальны. Ужываецца для далучэння членаў сказа і сказаў з заўвагамі дадатковага характару. Бруно Шмульке, ці, як клікалі яго за вочы, Брунька-Шмунька, быў ціхім, непрыкметным чалавекам, негаваркім. Лынькоў. Бурыя, пад колер зямлі, берагавыя ластаўкі, ці, як іх яшчэ называюць, беражанкі, спрытна вывіваліся над вадой. Пальчэўскі.

5. злучн. падпарадкавальны. Ужываецца пры даданых сказах з ускосным пытаннем. [Пашка:] — Слухай, ці не знойдзецца ў цябе чаго ад бяссонніцы? Паўлаў. Толькі ў калідоры Надзя падумала, ці не збіраецца Сашка выступаць у канцэрце. Гроднеў. У Льва Раманавіча, помніцца, варухнулася сумненне, ці варта высяляць Сапуна. Асіпенка.

6. часціца пытальная. Узмацняе пытальны характар. [Гена:] Нязручна поначы ісці да чужых людзей... Гасцініца... Ці будзе там месца? Арабей. Дзе ж, дарога ты другая? Я стаю адзін, адзін, Ноч вакол ляжыць глухая... Ці ж то свет сышоўся ў клін? Колас. // З асобнымі прыслоўямі, назоўнікамі, займеннікамі, часціцамі ўтварае спалучэнні са значэннем сумнення, няўпэўненасці, нерашучасці, здзіўлення. Страху ў мяне цяпер як і не было. Ці мо проста не было калі думаць пра яго? Якімовіч. Пайшоў я зранку ў свой горад, бо ведаў, што ўдзень наўрад ці ўбачыш каго дома з блізкіх знаёмых. Кулакоўскі. — Ты што гэта, на Месяц ляцець сабралася, ці што? Гэтулькі пакункаў! — здзівіўся дзед, які зайшоў на кухню. Гарбук.

•••

Так ці інакш (іначай) гл. так.

Ці доўга, ці коратка гл. доўга.

ці́верац,

гл. ціверцы.

ці́верцы, ‑аў; адз. ціверац, ‑рца, м.

Племянная група ўсходніх славян, якая займала тэрыторыю ў нізоўях Днястра, Прута і Дуная.

ціву́н, ‑а, м.

Гіст. Назва розных службовых асоб у Расіі 10–17 стст. // Наглядчык за працай сялян у памешчыка ў часы прыгону. А ў Яносіка нічога з сабой не было; Цівуны ўсё адабралі, Усё агнём пайшло. Танк.

цівуно́ў, ‑ова.

Гіст. Які належыць цівуну, уласцівы яму.