Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

клы́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Абл. Марудна ісці; клыпаць. Маўчыць Аўген, маўчыць Марына, А конік клыгае ступой. Колас.

клык, ‑а, м.

Тое, што і ікол. Вяпрук круціцца, але яму не дастаць сабаку клыкамі! Карпюк.

клыка́сты, ‑ая, ‑ае.

З вялікімі клыкамі. Клыкастая пашча ваўка.

клы́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Марудна ісці, накульгваючы, перавальваючыся з нагі на нагу. Назаўтра Ніна бачыла Петруся зноў на полі. Ён прыкметна накульгваў, але неяк клыпаў з сажнем. Гроднеў.

клы́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.

Абл. Камячыць, ціскаць; шкуматаць. [Нахлябіч] ужо маўчаў і клычыў зубамі саломіну. Чорны. Ён доўга клычыў зубамі паперу. Вітка.

клышано́гі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і касалапы. Вожык прыпёрся — паўзун гэты клышаногі — і давай па канюшыне качацца. Якімовіч.

клюз, ‑а, м.

Адтуліна ў корпусе карабля, цераз якую праходзяць якарныя ланцугі, тросы і пад.

[Гал. kluis.]

клю́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Аднакр. да кляваць.

2. Выпіць гарэлкі, віна; напіцца да ап’янення. Швагер клюнуў, відаць, ніштавата. Здараецца гэта з ім рэдка. Брыль.

•••

Клюнуць носам — упасці наперад, ударыўшыся носам.

Курыцы недзе клюнуць — пра цеснату, адсутнасць свабоднага месца дзе‑н.

ключ, ‑а, м.

1. Металічная прылада для замыкання і адмыкання замка. Ключ ад кватэры. □ Жанчына дастала аднекуль з сваёй адзежы ключ і адамкнула дзверы. Чорны.

2. Прылада для ўмацавання або адкручвання чаго‑н., для прывядзення ў рух розных механізмаў. Гаечны ключ. Завесці гадзіннік ключом. // Прыстасаванне для нацягвання струн у музычных інструментах.

3. перан. Сродак, магчымасць для разгадкі, разумення каго‑, чаго‑н., для авалодання чым‑н. Марксісцка-ленінскі светапогляд з’яўляецца адзіным ключом для правільнага раскрыцця зместу драматычнага твора. «Беларусь». // Сістэма абазначэння літар, лічбаў і пад., на якой асноўваецца чытанне шыфраваных тэкстаў. Ліў дождок, а Якаўлеў усё даваў мне настаўленні, правяраў, ці добра я запомніў ключ шыфра, ці не забыў яўкі, якой-небудзь дробязі. Анісаў. // Збор адказаў у задачніку, а таксама падрадковыя тлумачэнні да замежнага тэксту.

4. Найбольш важнае ў ваенных адносінах месца, авалоданне якім адкрывае доступ куды‑н., забяспечвае перамогу.

5. Спец. Выключальнік для хуткага замыкання і разрыву ланцуга перадатчыка пры тэлеграфнай і радыётэлеграфнай сувязі.

6. Знак у пачатку нотнага радка, які ўмоўна паказвае на ноту, ад вышыні якой залежыць вышыня і размяшчэнне наступных нот. Скрыпічны ключ. Басовы ключ. // Рытм, кірунак, характэрны для літаратурнага твора ў цэлым. Зусім непрыкметна.. Куляшоў пераводзіць гучанне верша ў новы рытмічны ключ — анапест. Бярозкін. Уся стылістыка.. верша з моцнымі трагедыйнымі матывамі вытрымана ў адным эмацыянальным ключы. Бугаёў.

7. У архітэктуры — верхні клінападобны камень, якім заканчваецца арка, скляпенне.

8. Чарада птушак (гусей, жураўлёў і пад.), якія ляцяць клінам. Гаманлівыя птушак ключы Паляцелі на поўдзень даўно. Хведаровіч.

ключавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да ключа (у 1, 2, 3, 5, 6 і 7 знач.).

2. Важны, рашаючы ў ваенных, эканамічных ці інш. адносінах. Захапіць ключавыя пазіцыі.