Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

клоп, клапа, м.

Невялікае насякомае-паразіт, якое корміцца кроўю жывёл і чалавека. Пасцельны клоп. // Наземнае або воднае насякомае-паразіт. Раслінаедны клоп.

•••

Карміць клапоў гл. карміць.

кло́пат, ‑у, М ‑паце, м.

1. Неспакойная думка пра што‑н.; сканцэнтраванасць думак над ажыццяўленнем чаго‑н. Набліжалася сяўба жыта, і Андрэй ад клопатаў і турбот не знаходзіў сабе месца. Чарнышэвіч. // з інф. Задача, справа. І клопат мой — дапамагчы Зямлі ў вялікай справе: Перакаваць хутчэй мячы На кельмы і аралы. Кляўко. Першы клопат хлебаробаў раёна — барацьба за выкананне прынятых абавязацельстваў. «Звязда».

2. Увага да патрэб і запатрабаванняў каго‑н. Праявіць клопат. Дзякаваць за клопаты. Клопаты партыі аб дабрабыце працоўных. // звычайна мн. (кло́паты, ‑аў). Турботы, справы. У Наталлі, як звычайна ў гаспадыні ў святочны дзень, было безліч дробных клопатаў па гаспадарцы: то заслаць, то прыбраць, то выцерці пыл, то падумаць, што згатаваць паесці. Скрыган. Не мела баба клопату — купіла парася. Прыказка.

3. Трывожны стан; непакой, хваляванне. Клопат не адступае, трывожыць — трэба прарывацца, чакаць нельга — заўтра зрабіць гэта будзе цяжэй. Праціўнік яшчэ не ўмацаваўся, не ў поўнай сіле. Мележ.

•••

Вялікі клопат (іран.) — пра тое, што не заслугоўвае ніякай увагі.

Не было клопату гл. быць.

кло́пфер, ‑а, м.

Спец. Тэлеграфны апарат для прыёму сігналаў азбукі Морзе на слых.

[Ням. Klopfer.]

кло́ун, ‑а, м.

Цыркавы артыст-комік. Выступленні вядомага клоуна. // перан. Пра чалавека, які ў кампаніі разыгрывае ролю камедыянта. Адчуваючы сябе ў пакоі неяк збоку, Кучынскі сказаў: — Ведаеце, хто вы? Клоуны! Карпюк.

[Англ. clown.]

кло́унскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да клоуна, уласцівы яму. Клоунскія здольнасці. Клоунскі касцюм. // перан. Камічны. Клоунскія выхадкі.

клуб 1, ‑а, м.

1. Арганізацыя, якая аб’ядноўвае людзей пэўнай сацыяльнай групы для сумеснага адпачынку, забаў і пад. // Грамадская арганізацыя, якая аб’ядноўвае спартсменаў або аматараў спорту. Яхт-клуб. Шахматны клуб.

2. Культурна-асветная ўстанова ў СССР, задачай якой з’яўляецца палітычная і вытворчая асвета працоўных, павышэнне іх культурнага ўзроўню, арганізацыя адпачынку і пад. Клуб чыгуначнікаў: Сельскі клуб. Загадчык клуба.

3. Будынак, памяшканне такіх арганізацыя, устаноў. Прыйшлі з поля, з гаспадаркі, Клуб запоўпіўшы да краю, Брыгадзіры і даяркі, Брыгадзіркі і свінаркі. Купала.

[Англ. club.]

клуб 2, а́, м.

Лятучая шарападобная маса пылу, дыму, пары і пад. Клубы туману. □ На заломе выбухнуў велізарны клуб белаватага дыму, за ім выкідаліся другія клубкі, следам за гэтым паказаўся паравоз кур’ерскага поезда. Колас. Клубы марознага паветра ўрываюцца праз адчыненыя дзверы. Асіпенка.

клуб 3, а́, м.

Знешні бок верхняй часткі бядра. Бразнулі дзверы, з сянец выскачыла дзяўчына — мабыць Волька! — і скоранька пайшла цераз двор, стукаючы загарэлымі пяткамі і лёгка пагойдваючы круглымі клубамі. Скрыган.

клу́бень, ‑бня, м.

Патоўшчаная мясістая частка сцябла або кораня расліны. Клубні кальрабі. Клубні бульбы.

клубе́ньчык, ‑а, м.

1. Памянш. да клубень.

2. Патаўшчэнні на каранях бабовых і некаторых іншых раслін, выкліканае дзейнасцю бактэрый, што паглынаюць азот з паветра, які затым пераходзіць у глебу.

клубе́ньчыкавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да клубеньчыка.

2. Які ўтварае клубеньчык, клубеньчыкі (у 2 знач.). Клубеньчыкавыя бактэрыі.

клубі́сты, ‑ая, ‑ае.

Які мае форму клуба ​2, складаецца з клубоў. Вецер хутка гнаў цёмна-сінія дымчатыя хмары, засцілаючы імі ватныя клубістыя воблакі. Мележ. Кружок лазняку вынырае з клубістага кужалю туману зусім нечакана. Сачанка.