Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падула́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца пад уладаю каго‑, чаго‑н., залежны; несамастойны. Падуладныя краіны. □ Дзесьці далёка засталася вайна, перапоўненыя салдатамі эшалоны, лазарэт, і вось ён вольны, сам па сабе, нікому не падуладны чалавек. Галавач. // Падпарадкаваны волі, загаду каго‑, чаго‑н. Усе гукі зліліся неўзабаве ў адзін спеў машын, падуладных волі чалавека. Хадкевіч. У ліцейны цэх прыходзяць людзі смелыя і мужныя, бо гарачы метал падуладны толькі адважным. «ЛіМ». / у знач. наз. падула́дныя, ‑ых. Пан Счэхула добра ведаў магчымасці сваіх падуладных. Машара.

2. перан. Які паддаецца ўздзеянню, уплыву каго‑, чаго‑н. Мацней за ўсё памяць. Памяць народа. Яна не падуладна ні бурам, ні часу, ні войнам. Аляхновіч.

паду́мацца, ‑аецца; безас. зак., каму.

Разм. Прыйсці ў галаву, з’явіцца ў думках, уяўленні. «А што, калі пайсці з візітам да пісара? — падумалася Лабановічу: — Усе роўна схадзіць трэба, — такая ўжо завялася традыцыя». Колас. Ніне раптам падумалася, што Сяргей Аляксандравіч павінен добра танцаваць. Лобан.

паду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

1. Зак. да думаць.

2. Думаць некаторы час. Дачка падумала і кажа: — Нічога, тата, заўтра што-небудзь прыдумаем. Якімовіч.

3. 2 ас. адз. буд. паду́маеш у знач. выкл. Разм. Ужываецца для выражэння іроніі і пад. Падумаеш, далёкі свет — пяць кіламетраў. Васілевіч.

•••

Падумаць толькі! — ужываецца пры выказванні здзіўлення, указанні на незвычайнасць чаго‑н.

паду́мваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Зрэдку, час ад часу думаць, раздумваць аб чым‑н. Сёй-той з.. [рэзервістаў] падумваў ужо аб узнагародах. Чорны.

2. Мець намер зрабіць, ажыццявіць што‑н. Гарачы хлопец, праўда, але сумленны, працавіты. Стаеў падумвае нават даць яму рэкамендацыю ў партыю. Савіцкі.

падупада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падупасці.

падупа́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які трохі запаў, уваліўся. Коні як коні, брыгадныя рабацягі, з падупалымі лінючымі бакамі. Лось.

2. Які пачаў занепадаць. Падупалая гаспадарка.

3. Слабы, хваравіты. Падупалы здароўем чалавек. // перан. Паніжаны; паслабелы. Падупалы настрой.

падупа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; зак.

Разм.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці да заняпаду, запусцець. Гаспадарка падупала.

2. Стаць слабым, хваравітым. Чалавек, мусіць, падупаў здароўем — не прайшла дарам блакада. Новікаў. // (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Панізіцца; паслабець (пра настрой, духі пад.). Дух на паляванні — магутная сіла. Падупаў духам — удачы не будзе... Навуменка.

падупра́віцца, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак., з кім-чым.

Разм. Управіцца ў асноўным, з большага. Падуправіцца з палявымі работамі. □ Надзя хутка падуправілася [з гаспадаркай], завязала хусту, аглядзелася ў люстэрка. Мыслівец.

падурне́ць, ‑ее; ‑еем, ‑ееце, ‑еюць; зак.

Разм. Здурнець — пра ўсіх, многіх.

падуры́цца, ‑дуруся, ‑дурышся, ‑дурыцца; зак.

Разм. Дурыцца некаторы час.