Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзянёк, ‑нька, м.

Ласк. і зніж. да дзень (у 1, 2 знач.). У першы святочны дзянёк выйшаў настаўнік на знаёмую яму сцежку, каля двух ветракоў, і пайшоў на чыгунку. Колас. «Ну, будзе дзянёк!» — заклапочана падумала.. [Таня], міжвольна прыслухоўваючыся да голасу бойкага юнака ў карычневай футболцы. Даніленка.

дзянні́к, дзенніка, м.

Накрытая загарадка, дзе трымаюць жывёлу ўдзень і ў добрае надвор’е. Шкадавалі карову, якая зусім нядаўна ляжала на дзённіку і ціхенька рыкала. Лось.

дзянні́ца, ‑ы, ж.

Ранняя зара, заранка. Яшчэ зорыцца неба над гаем, А ўжо цемру — заслону абшараў — Расхінае на ўсходзе дзянніца. Журба. Паўстае дзянніца з-за сяла, Шлях асвеціць чырванню і бляскам. Лявонны.

дзяншчы́к, дзеншчыка, м.

Салдат у царскай арміі, прыстаўлены да афіцэра ў якасці слугі. Падцягнуты дзяншчык выскачыў з сянец хаты і спрытна паднёс пану афіцэру фотаапарат. Лынькоў.

дзяра́ба, ‑ы, ж.

Птушка, разнавіднасць дразда.

дзярж...

Першая састаўная частка складных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «дзяржаўны», напрыклад: дзяржапарат, дзяржбанк, дзяржгандаль, дзяржплан, дзяржфонд.

дзяржа́ва, ‑ы, ж.

1. Палітычная арганізацыя пануючага класа краіны для захавання існуючага парадку і падаўлення супраціўлення іншых класаў, а таксама краіна з такой палітычнай арганізацыяй. Феадальная дзяржава. Імперыялістычная дзяржава. □ Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік ёсць сацыялістычная агульнанародная дзяржава, якая выражае волю і інтарэсы рабочых, сялян і інтэлігенцыі, працоўных усіх нацый і народнасцей краіны. Канстытуцыя СССР. Рабочы клас — нязломны волат: Усемагутнаю рукой Ён адкаваў і серп, і молат У Герб дзяржавы маладой. Бялевіч.

2. Гіст. Эмблема ўлады манарха ў выглядзе шара з каронай або крыжам наверсе. На шыльдзе ў камендатуры сядзеў чорны арол. І хоць не раўня ён быў колішняму царскаму арлу са скіпетрам і дзяржавай, але ўсё ж арол. Лынькоў.

дзяржа́к, дзержака, м.

Разм. Тое, што і дзяржанне. Жвір быў сухі, лёгкі, рыдлёўка ўразалася ў яго па самы дзяржак. Савіцкі.

дзяржа́льна, ‑а, н.

Разм. Тое, што і дзяржанне.

дзяржа́нне, ‑я, н.

Ручка якой‑н. прылады (лапаты, малатка, нажа і пад.). З дальняга кутка.. выйшла кабета, з дзеркачом на доўгім дзяржанні ў адной руцэ і бляшаным шуфлікам — у другой. Дуброўскі. — Міша Расолька зламаў дзяржанне матыкі і не працуе. Пальчэўскі.