бясхле́б’е, ‑я, н.
Разм. Тое, што і бясхлебіца. Цяжка было.. [Акіліне] з дачкою выкідацца з бясхлеб’я, з холаду. Вітка.
бясхле́біца, ‑ы, ж.
Адсутнасць, нястача хлеба. З любоўю прыбяры, [хлебароб], усё да каліўца, абмалаці да зярнятка! Каб поўным-поўным былі засекі ў краіне. Каб не зналі, не чулі ў нас пра бясхлебіцу. Хадкевіч.
бясхле́бны, ‑ая, ‑ае.
Для якога характэрны адсутнасць, нястача хлеба. У цяжкія бясхлебныя гады прадала.. [гаспадыня] дом і пераехала ў Ташкент. Васілевіч.
бясхма́р’е, ‑я, н.
Адсутнасць хмар; чыстае неба. Добры жаўранак бясхмар’е Прывітаў Лірычнай гамай І пазваў на неба сонца З-за лясоў, З-за небакраю... Карызна. // перан. Нічым не засмучанае жыццё. Жартавалі іншыя замнога, Што ў бясхмар’і човен наш плыве, Што, нібы за пазухай у бога, Пакаленне юнае жыве. Калачынскі.
бясхма́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Без хмар; ясны. Ноч была з ціхім водсветам зорнага бясхмарнага неба. Чорны. Кветкі даверліва пазіралі ў бясхмарны блакіт неба. Марціновіч.
2. перан. Нічым не засмучаны; шчаслівы. Мне ішоў васемнаццаты год. Такі ўзрост, калі ўсё наперадзе здаецца светлым, бясхмарным, шчаслівым, калі ў душы жыве вера на будучае, калі, здаецца, на свеце няма такіх вышынь, якіх ты не можаш узяць. Чарнышэвіч.
бясце́невы, ‑ая, ‑ае.
Які не ўтварае ценю. Марына ўключыла вялізную бясценевую лямпу. Марціновіч.
бясцэ́нак, ‑нку, м.
У выразе: за бясцэнак (пра куплю-продаж) — вельмі танна. Часцей за ўсё.. [Лявона] можна было сустрэць на рынку ці ў сваім райцэнтры, дзе ён скупляў за бясцэнак масла, яйкі і іншыя прадукты. Корбан.
бясцэ́ннасць, ‑і, ж.
1. Тое, чаму няма цаны, высокая каштоўнасць чаго‑н. Бясцэннасць скарбаў сусветнай культуры.
2. Тое, што страціла сваю вартасць, стала малакаштоўным.
бясцэ́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае вельмі вялікую вартасць, вельмі дарагі, вельмі каштоўны. Бясцэнны скарб. □ Баракаў убачыў валы, порах, гарматы, узброеных людзей, а ў камяніцы бясцэнныя габелены, .. карціны. Караткевіч. Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Колас. // перан. Дарагі, мілы; цудоўны. Бясцэнны друг. □ У характары Драгуна бясцэнная якасць, — што б ні здарылася, не губляе гумару. Навуменка.