дзяко́ў, ‑ова.
Які належыць дзяку. Дзякова сяліба.
дзяко́ўскі, ‑ая, ‑ае.
Які належыць дзяку, уласцівы дзяку. Вопратка на .. [Гарасіме] была не то папоўская, не то дзякоўская. Чарнышэвіч.
дзяко́ўства, ‑а, н.
Разм. Званне, пасада дзяка.
дзя́куй,
1. часціца; каму і без дап.; за што, на чым і са злучн. «што». Ужываецца як выражэнне падзякі; дзякую. Дзякуй вам. Дзякуй на добрым слове. □ [Карнейчык:] Дзякуй табе, гаспадынька, няхай цябе бог надорыць усім, чым ты сама хочаш. Крапіва. [Ігнась:] — Дзякуй за прытулак, Дзякуй за хлеб-соль. Сёння, мой дзядуля, Мне пайсці дазволь! Бядуля. Дзякуй глебе, што кожнае зернетка сокам, нібы маці грудзямі, ўскарміла, ўспаіла. А. Вольскі.
2. у знач. наз. дзя́куй, нескл., н. Падзяка, удзячнасць. І ўсёй неабсяжнай радзімы ваякам Мы шлем прывітанне — народнае дзякуй! Броўка. Заслонаў перадаў Дакутовічу партызанскае дзякуй за зброю. Шчарбатаў.
•••
Дзякуй (дзякаваць) богу — а) (у знач. вык.) добра. — Што ў горадзе? — Спакойна. — Дзякуй богу! Гурскі; б) (у знач. вык.) добры, нядрэнны. [Язва:] Праўда, глянуўшы на вас, адразу можна сказаць, што справы ў вас — дзякуй богу. Крапіва; в) (у знач. пабочн.) на шчасце, слава богу. — Ну, дзякуй богу, разышліся, — з палёгкай уздыхнула Вера. Машара.
Дзякуй за ласку (іран.) — ужываецца для выражэння нязгоды з чым‑н.
За дзякуй (іран.) — бясплатна, дарма (зрабіць, выканаць што‑н.).
дзя́куючы,
1. Дзеепрысл. незак. ад дзякаваць.
2. прыназ. з Д. З прычыны, з-за, з дапамогай. Дзякуючы святу .. ён да звычайнай порцыі сну дабавіў яшчэ гадзін пяць-шэсць. Крапіва. Дзякуючы камсамольцам удалося дастаць супрацьтанкавую гарматку. Брыль. Сухаваты твар [Андрэя Міхайлавіча] меў энергічны выгляд дзякуючы дзвюм рэзкім маршчынам, што ляглі ад носа да кутоў падціснутых вуснаў. Самуйлёнак.
дзяле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. дзяліць (у 1 знач.) і дзяліцца (у 1 знач.). // Спец. Працэс бясполага размнажэння клетак у жывёл і раслін. Дзяленне клеткі.
2. Матэматычнае дзеянне, шляхам якога пазнаецца, у колькі разоў адна велічыня большая за другую. Дзяленне дробаў.
3. Адлегласць паміж рыскамі на вымяральнай шкале, а таксама самі гэтыя рыскі. [Іван Кузьміч] перавёў рычаг убок на адно дзяленне — зменшыў падачу паветра. М. Ткачоў. Чорная стрэлка ўпарта трымалася на трэцім дзяленні. Савіцкі.
дзялі́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да дзялення (у 2 знач.).
2. Спец. Прызначаны для нанясення дзяленняў (у 3 знач). Дзялільны цыркуль. Дзялільная машына.
дзялі́мае, ‑ага, н.
Лік, які дзеляць; дзеліва.