Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

імітава́цца, ‑туецца; незак.

Зал. да імітаваць.

імітава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

1. Па-майстэрску пераймаць каго‑, што‑н., з дакладнасцю ўзнаўляць, падрабляючыся пад каго‑, што‑н. Імітаваць воўчы голас. Імітаваць рухі. Імітаваць пажар. □ [Выстрал] дамоўлена было імітаваць з дапамогаю дошкі, якою сам Цімошка ў патрэбны момант павінен быў за кулісамі ляснуць аб падлогу. Краўчанка.

2. Рабіць імітацыі (у 2 знач.). Імітаваць мармур. Імітаваць жэмчуг.

3. Паўтараць музычную тэму або матыў у другім голасе на які‑н. інтэрвал вышэй або ніжэй.

іміта́тар, ‑а, м.

Той, хто імітуе каго‑, што‑н. // Артыст, які прафесіянальна займаецца імітацыяй.

[Лац. imitator — пераймальнік.]

іміта́тарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да імітатара. Імітатарскія здольнасці.

імітацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да імітацыі, з’яўляецца імітацыяй. Імітацыйныя рухі.

іміта́цыя, ‑і, ж.

1. Майстэрскае перайманне каго‑, чаго‑н., дакладнае ўзнаўленне, падробна чаго‑н. Імітацыя чужога голасу. □ Капітану стала ясна — забітага неслі ад дарогі, бой — звычайная імітацыя, інсцэніроўка... Ваданосаў.

2. Падробна чаго‑н. пад што‑н.; рэч, выкананая з матэрыялу-заменніка. Імітацыя пад арэх. Імітацыя мармуру.

3. Паўтарэнне музычнага матыву (мелодыі) у другім голасе (хору, аркестра, інструмента) на які‑н. інтэрвал вышэй або ніжэй.

імклі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць імклівага; вялікая хуткасць, шпаркасць. Імклівасць рухаў. Імклівасць горных патокаў. □ Пушчаны з гары снежны ком набывае ўсё большую і большую імклівасць. Лынькоў.

імклі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі хуткі, быстры, шпаркі. Імклівы бег. Імклівая плынь. □ Ракета запаволіла свой імклівы, нястрымны рух. Мы набліжаемся да прыстані. В. Вольскі. Хацелася ўзяць ручку.. на сябе, даць поўны газ і адчуць імклівую хуткасць палёту. Алешка. // Які мае вялікую хуткасць, вызначаецца вялікай хуткасцю. Да стромкага берага Выпі, маленькай, але імклівай рачулкі, прыляпіўся стары, пахілы млын. Асіпенка. Міцю здаецца — вось-вось вылецяць з лесу імклівыя коннікі, у руках іх.. бліснуць шаблі. Навуменка. Вада бегла імклівымі ручаінамі з узгорка. Чорны. // перан. Які характарызуецца хуткасцю развіцця, узнікнення або напружанасцю праяўлення. Імклівае жыццё. □ Напорны час, Імклівы час, Гарыць агнём жывое сэрца... Кляшторны.

2. Які вызначаецца хуткасцю рухаў і дзеянняў; рухавы, энергічны, жвавы (пра чалавека). Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар — жвавы, імклівы. Маўр. Арэшкін хоць і быў вышэйшы ростам, але крочыў паважна, не спяшаючыся, і імкліваму, хуткаму ў рухах Лемяшэвічу прыйшлося запаволіць сваю хаду. Шамякін.

3. Які выражае парыў, імкненне да чаго‑н.; палкі, гарачы, парывісты. Нехта ўжо гаварыў кароткую, але імклівую і палкую прамову. Скрыган.

імкне́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. імкнуцца (у 1 знач.). Не ўстоіць на месцы Пятрок, Яму трэба рух і імкненне. Колас. Зноў вясна адрадзіла імкненні Да бурлівых і радасных сноў. Багун.

2. Настойлівая цяга, парыў, рашучая мэтанакіраванасць да чаго‑н. Імкненне к подзвігу жыло ў душы Савы, і таму ён так высока ацаніў Андрэя за яго ўчынак з дзедам. Пестрак. А сэнс жыцця якраз і заключаецца ў яго няспыннасці, у поступу да лепшага, найдасканалейшага, у яго нястомным імкненні да хараства. Карпаў. // звычайна мн. (імкне́нні, ‑яў). Намеры, жаданні. [Аленка] уся была поўна няясных імкненняў, яшчэ невядомага ёй адчування і радасці за парогам яе роднай ваколіцы. Колас. [Бондар] усё роўна не патрапіў бы выказаць словамі сваіх пачуццяў і сам толькі туманна разумеў прычыны сваіх імкненняў. Бядуля.

імкну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; незак.

1. Хутка рухацца, накіроўвацца куды‑н. Жылы дрэў напоўніліся сокам, Ручаі імкнуцца да ракі. Панчанка. [Вада] не тоўпіцца ў берагах, імкнецца напрасткі. Колас. // перан. Адчуваць цягу да каго‑, чаго‑н. Крамарэвіч.. імкнуўся да Колі як да нейкага неабходнага апірышча сваёй душы. Чорны. [Сяргей] звычайна гаварыў толькі пра свой полк, і ўжо гэтага было дастаткова, каб зразумець, што ўсімі думкамі сваімі ён быў там, сярод авіятараў, імкнуўся да іх. Сіўцоў.

2. Старацца трапіць куды‑н., быць дзе‑н. або стаць кім‑н. У Маскву, як у сталіцу міру, усе імкнуцца. Няхай. Не бойся ліхое напасці, — Мы знаем, Ў якую імкнешся ты даль, Якога шукаеш ты шчасця! Вітка.

3. Старацца дасягнуць чаго‑н., настойліва дамагацца чаго‑н. Імкнуцца да міру. □ І мне здалося, што.. сын [Белавуса] Барыс нават імкнецца так хадзіць, як ходзіць яго бацька, і так з людзьмі размаўляць, як яго бацька размаўляе. Гурскі.