Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

імерэці́н,

гл. імерэціны.

імерэці́нец,

гл. імерэцінцы.

імерэці́нка,

гл. імерэціны.

імерэці́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Імерэціі, імерэцінаў, імерэцінцаў. // у знач. наз. імерэці́нскае, ‑ага, н. Сорт сухога вінаграднага віна. Бутэлька імерэцінскага.

імерэці́нцы, ‑аў; адз. імерэцінец, ‑нца, м.

Тое, што і імерэціны.

імерэці́ны, ‑аў; адз. імерэцін, ‑а, м.; імерэцінка, ‑і, ДМ; мн. імерэцінкі, ‑нак; ж.

Назва грузінаў, якія насяляюць Імерэцію — гістарычную вобласць Грузіі.

імжа́, ‑ы, ж.

Тое, што і імгла. Зарана насунуліся з захаду хмары, нізка аселі над зямлёй, і дождж пайшоў то дробнай, лянівай імжой, то буйнымі пырскамі. Хадкевіч. Густая імжа, як праз сіта, сыпалася і сыпалася зверху, нібы нехта высокі на злосць трос намоклай шапкай-вушанкай. Пташнікаў.

імжа́ка, ‑і, ДМ ‑жацы, ж.

Абл. Імгла, імжа. Ды і само неба, наскрозь прамоклае, то выбухала бурным дажджом, то прасейвала, як праз сіта, золкую імжаку. Лынькоў. Восеньскі дзень слязіўся агіднай імжакай. Сабаленка.

імжы́сты, ‑ая, ‑ае.

Зацягнуты імжой; з імжой. Імжысты дзень. □ Бондар адвярнуўся, стаў узірацца ў імжыстую далеч. Навуменка.

імжы́цца, ‑жыцца; незак.

1. Разм. Тое, што і імжыць. Звоняць бомы, звоняць бомы. Цемень. Дождж імжыцца. Шушкевіч.

2. Засцілацца, ахутвацца імжой. Усё мястэчка з бакоў імжылася сівым туманам з зялёных балот. Лынькоў.