Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

імглі́цца, ‑ліцца; незак.

1. Разм. Тое, што і імгліць. Імгліцца дожджык, Зямля разбухла. Панчанка. І дзень і ноч імгліцца дождж. Машара. З раніцы хмурыцца, хмарыцца, падвечар — імгліцца. Барадулін.

2. Засцілацца, ахутвацца імглой. Далеч снежная імгліцца. Звонак.

імглі́ць, ‑ліць; незак.

Ісці, падаць вельмі дробнымі частымі каплямі (пра дождж); імжэць. Дробны дожджык бесперастанку, Як скрозь сіта, ўсё імгліць. Колас. / у безас. ужыв. На дварэ пачало імгліць.

імгне́нне, ‑я, м.

Вельмі кароткі прамежак часу; міг, момант. З табою век імгненнем здасца, З табою час плыве, бы ў казцы, Сама ты — казка, дзіўны сон. Лойка. Юрка сеў. Нейкае імгненне ў класе панавала цішыня. Курто.

•••

У адно імгненне — тое, што і у адзін міг (гл. міг).

У імгненне вока — надта хутка, адразу ж.

імгне́нны, ‑ая, ‑ае.

Які раптоўна ўзнікае. Імгненнае рашэнне. Імгненная рэакцыя. □ Нечакана вокны ад агароду асвяціліся імгненнай успышкай маланкі. Даніленка. // Які хутка праходзіць; кароткачасовы. Імгненны сон. Імгненная радасць. □ Пачулася чырканне крэсіва, пасыпаліся іскры, і ў гэтым імгненным святле на момант з’явіўся і знік вусаты, гарбаносы твар Кверквелія. Самуйлёнак.

імельма́н, ‑а, м.

Фігура вышэйшага пілатажу; пераварот самалёта цераз крыло ў верхнім пункце мёртвай пятлі. На сярэдніх вышынях.. Бураў закруціў мёртвую пятлю і імельман. Алешка.

[Ад уласн. імя.]

і́менна, часціца.

1. Ужываецца для падкрэслівання якога‑н. члена сказа, для ўказання на яго; азначае: якраз. Іменна Пракоп падказвае сваім хлопцам, большасць тых ідэй, якія прынеслі брыгадзе славу. Шыцік. [Самуйлёнак] прыносіў у беларускую літаратуру сваё новае, арыгінальнае, уласцівае іменна яму. В. Вольскі.

2. Ужываецца пры далучэнні сказа або асобных членаў сказа, якія растлумачваюць, удакладняюць выказаную думку. Стары Юстынь Сташэвіч раптам адчуў, што змарыўся. Іменна раптам. Чарнышэвіч. / У спалучэнні са злучнікамі «а», «і». А бабуля ці мама шукае цябе, гукае з парога, нібы ты ёй немаведама як спатрэбіўся і іменна цяпер... Брыль. // Ужываецца перад пералічэннем, якое раскрывае і ўдакладняе сэнс абагульняючага слова. У лесе растуць розныя дрэвы, а іменна: дуб, бяроза, сасна.

3. (часта ў спалучэнні з «во», «вось»). Разм. Ужываецца як сцвярджальнае слова са значэннем: так, сапраўды так. Вось іменна! □ — Іменна, людзі няхай надаюць вартасць чалавеку, а не ён сам сабе. Баранавых.

іме́нне, ‑я, н.

Абл. Імя, мянушка, прозвішча. — Прозвішча ў яго было Лубнеўскі. А Парыпанам звалі яго.. — Яна [Грасыльда] падумала. — Мусіць, сам ён сабе такое іменне даў... Пташнікаў.

іме́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да скланяльных часцін мовы (назоўніка, прыметніка, лічэбніка, займенніка); звязаны з імі. Іменнае скланенне. Іменны выказнік. Іменныя словазлучэнні. Іменныя формы прыметнікаў.

імерсі́йны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да імерсіі, заснаваны на імерсіі (у 2 знач.). Імерсійны аб’ектыў мікраскопа. Імерсійная вадкасць.

іме́рсія, ‑і, ж.

Спец.

1. Уваход аднаго нябеснага цела ў цень другога.

2. Увядзенне каплі вадкасці (звычайна кедравага алею) паміж аб’ектывам мікраскопа і прадметам, які разглядаецца ў ім, для ўзмацнення яркасці і атрымання больш выразнага і павялічанага малюнка.

[Лац. immersio — паглыбленне, апусканне.]