Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

імартэ́ль, ‑і, ж.

Тое, што і бяссмертнік.

[Фр. immortelle.]

і́масць, ‑і, ж.

1. Уст. Форма ветлівага звароту да таго, каго лічаць вышэйшым па званню, становішчу ў грамадстве і пад. — Скажыце, імасць, ці не чулі, З чаго той вынікнуў пажар? Колас.

2. Разм. (звычайна з адценнем іроніі). Пра жонку блізка знаёмага субяседніка (пры размове з ім). — А як там твая імасць маецца?

іматрыкуля́цыя, ‑і, ж.

Унясенне ў спісы.

[Фр. immatriculation.]

імбе́рац, ‑рцу, м.

Разм. Тое, што і імбір (у 2 знач.).

імбі́р, ‑у, м.

1. Трапічная травяністая расліна сямейства імбірных з мясістым коранем, багатым на эфірны алей.

2. Прыправа з карэння гэтай расліны.

[Ням. Ingber.]

імбі́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да імбіру. Імбірны пах. // Які здабываецца з імбіру. Імбірны алей. // Прыгатаваны з імбіру, з імбірам. Імбірнае піва. Імбірныя пернікі.

імбры́чак, ‑чка, м.

Уст. Чайнік для заваркі чаю. Гаспадар прынёс з кухні і паставіў пасярод стала бліскучы медны самавар з размаляваным у кветкі імбрычкам наверсе. Якімовіч.

імга́, ‑і, ДМ імзе, ж.

Абл. Імгла. Дробны дожджык церушыцца аднекуль зверху. Дождж не дождж, а так нейкая дажджлівая імга. Лынькоў. А туман, імга пустая Цяжка звісла над сялом. Колас.

імгла́, ‑ы, ж.

1. Ападкі ў выглядзе вельмі дробных кропелек вільгаці; імжа. Над хатай Біруковых шумела рабіна, бо вецер пабольшаў і восеньская імгла пачынала пераходзіць у дробны дождж. Кулакоўскі. Імгла дробнымі кропелькамі асядала на суконную світку, на шапку, на твар. Чарнышэвіч. // Крышталікі інею ў паветры, дробны снег. Марозная імгла. □ Час прыйшоў ўставаць, пачынала світаць. За мяцельнай трухою дарог не відаць. Як развітваўся з ёй, снег сляпіў іх імглой. Куляшоў.

2. Пялёнка туману, дыму, пылу; смуга. А магчыма, тут і сапраўды стаяла імгла з выпарэнняў і пылу. Карпаў. Мы багну ўздымалі з адвечнай дрымоты, Каналамі рэзалі нетры балотаў — І з тванню знікала туманаў імгла. Броўка.

3. перан. Пра тое, што перашкаджае добра бачыць, успрымаць навакольнае. Стаіць пастух, А вочы наліваюцца імглой... Танк. // Выраз смутку, задуменнасці на твары, у вачах і пад. Накрыла ясны твар дзявочы Задумы сумная імгла. Багдановіч.

4. перан. Пра што‑н. невыразнае, незразумелае, забытае. З імглы ўспамінаў ўстаюць: Пакінутыя лес і нівы, Дзе хмары над рачным абрывам Чаўнамі белымі плывуць. Танк.

імглі́сты, ‑ая, ‑ае.

Зацягнуты імглой; з імглой. Імглістае паветра. Імглістае неба. □ Стаяла імглістая зімовая раніца. Лупсякоў. Вецер б’е ў нямы курган, — Шапаціць імглісты бор. Купала. // Няяркі, няясны, пакрыты імглой. Імглістыя зоркі. □ За белымі хмарамі блукаў сонны імглісты месяц. Пестрак.