падрэ́мваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Час ад часу або злёгку драмаць. Ноччу ж участак пуставаў, толькі вартаўнік падрэмваў тут, прысеўшы дзе-небудзь на цэгле. Кулакоўскі. І вось.. [Грыбавец] падрэмвае ўжо, сагрэты агнём і закалыханы расказам касца. Пестрак.
падрэтушава́ць, ‑шую, ‑шуеш, ‑шуе; зак., што.
Падправіць рэтушшу дадаткова, яшчэ крыху. Падрэтушаваць фотаздымак.
падсабля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да падсобіць.
падсабра́цца, ‑бярэцца; зак.
Разм. Паступова сабрацца ў некаторай колькасці. — Ды ў цябе ж на юшку падсабралася [рыбы], — сказаў Журавенка, зазірнуўшы ў бітончык. Савіцкі.
падсабра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; зак., што і чаго.
Разм. Паступова сабраць у некаторай колькасці. Падсабраць сілы. Падсабраць грошай.
падса́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Маладыя дрэвы, кусты і пад., якія выраслі ў лесе сярод дрэў іншай пароды. За просекай то тут, то там зелянеў бярэзнік з лазовай падсадай. Асіпенка. У астатнія ж дні не вылазіла [маці] з лесу: то збірала грыбы і ягады, то зарабляла капейку — паліла лаўжы, акопвала на дзялянках падсаду. Сачанка. Навокал .. заходзяцца ў падсадзе салаўі. Брыль.
падса́джаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падсадзіць.
падса́джванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. падсаджваць — падсадзіць і падсаджвацца — падсесці.
падса́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да падсесці.
2. Зал. да падсаджваць.
падса́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падсадзіць.