Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзя́дзька, ‑і, м.

1. Бацькаў або матчын брат; цётчын муж. Не вярнуўся дадому і татаў брат, дзядзька Пятрусь. Брыль.

2. Дарослы мужчына наогул; зварот да старэйшага ўзростам мужчыны. Тры дзяўчынкі, адна меншая за другую, туліліся да маці, з непасрэднай дзіцячай цікаўнасцю зыркаючы вочкамі на незнаёмых дзядзькоў. Дадзіёмаў. У калідоры стаялі Міколавы аднавяскоўцы — дзядзька Лявон і цётка Тэкля. Корбан.

дзя́дзькаў, ‑ава.

Які належыць дзядзьку. Дзядзькава хата. □ У школе Мікалай хадзіў у ваеннай, дзядзькавай гімнасцёрцы, падпяразаны шырокім салдацкім поясам. Мележ. Цэлыя гадзіны сядзеў .. [Якуб] каля Марціна, калі той кляпаў касу, і не прапускаў ніводнага дзядзькавага руху. Колас.

дзя́дзя, ‑і, м.

Дарослы мужчына (у мове дзяцей). Параўняліся і, чую, дзяўчынка кажа: «Мамка, глянь, які смешны ў дзядзі капялюш». Васілевіч.

дзядо́к, ‑дка, м.

Памянш.-ласк. да дзед ​1 (у 2 знач.). Рэдкія асобы засталіся пры хатах: дзе бабулька старая з дзіцём, дзе нядужы дзядок. Гартны. Коней вартуе цяпер нізенькі дзядок Арцём. Бядуля.

дзядо́ўнік, ‑у, м.

Каліўе, зараснік дзядоў ​2. Навокал буяла крапіва, рос дзядоўнік, лопух, цвіў мак-самасей. Сачанка.

дзядо́ўскі,

гл. дзедаўскі.

дзяду́леў, ‑ева.

Які належыць дзядулю. Дзяўчаткі заняліся дзядулевай гаспадаркай. Якімовіч.

дзяду́ля, ‑і, м.

Разм. Ласк. да дзед ​1 (у 1 і 2 знач.). — Перавязі, дзядуля, на той бок, — папрасіла Наташа. Шамякін.

дзяду́ня, ‑і, м.

Тое, што і дзядуля. [Жанна:] Дзядуня, мне каб трошачкі чаго з’есці, я адразу б і заснула. Шамякін. — Ой, дзядуня! Вазьмі і мяне з сабою, — папрасілася Надзя. Даніленка.

дзяды́ 1, ‑оў; адз. няма.

1. Людзі, якія жылі раней; продкі. Дзяды і прадзеды. □ Дзяды нашы білі драпежнікаў прускіх, Не даўшы надзець на сябе кайданы. Броўка.

2. Абрад памінання нябожчыкаў, а таксама дзень, калі выконваўся гэты абрад. Апошняе [ворыва] скончым на гэтым тыдні, і ў суботу, на дзяды, якраз можна будзе грэчку сеяць. Гартны.

дзяды́ 2, ‑оў; адз. дзед, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Пустазелле з калючым лісцем і сцяблом, з лілавата-чырвоным суквеццем; бадзяк. Густа буялі каструбаватыя калючыя кусты дурнап’яну, дзядоў ды крапівы. Мележ.

2. Пустазелле з шырокім лісцем і ўчэпістымі суквеццямі-шышкамі; лопух. // Учэпістыя суквецці-шышкі гэтай расліны. [У Паўліка] пяты парэпаныя, шапка дзіравая, штаны ўсе ў дзядах. Грахоўскі.