Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ісламі́зм, ‑у, м.

Рэлігійная сістэма ісламу.

ісламі́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ісламу. Ісламісцкая дзяржава.

ісла́ндзец,

гл. ісланды.

ісла́ндка,

гл. ісландцы.

ісла́ндскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Ісландыі, ісландцаў. Ісландская мова. Ісландскі эпас.

ісла́ндцы, ‑аў; адз. ісландзец, ‑дца, м.; ісландка, ‑і, ДМ ‑дцы; мн. ісландкі, ‑дак; ж.

Народ, асноўнае насельніцтва Ісландыі.

існава́нне, ‑я, н.

1. Наяўнасць каго‑, чаго‑н. у рэальнасці; быццё. Існаванне свету. Існаванне матэрыі. □ Ніякіх разумных довадаў супраць існавання беларускай газеты Баўдзей не прыводзіў. Колас. Незлічонае птушынае царства на розныя галасы славіла радасць існавання, першы майскі дзень. Мележ.

2. Жыццё (у 2 знач.); спосаб жыцця. Барацьба за існаванне. Сродкі на існаванне. □ [Сеньёр Джордж] сам жыве радасцямі і горам гэтага народа, сам добра паспытаў, што такое беспрацоўе, беднае, галоднае існаванне. Мележ.

існава́ць, існую, існуеш, існуе; незак.

1. Быць у наяўнасці; мецца. Перастаць існаваць. □ Гэта была самая найкарацейшая сцежка, каб прайсці лес, і існавала яна тут здаўн[а]. Чорны. Ігнась пачаў заўважаць, што між Лявонам і Довідам існуе нейкая непрыкметная сувязь, якую яны абодва ўтойваюць ад хатніх. Чарнышэвіч. // Служыць для якой‑н. мэты. Правілы існуюць для таго, каб іх выконвалі.

2. Быць жывым; жыць (у 1 знач.). — Жывеш? — Як бачыш, рухаюся, існую. А ты? — Дыхаю. Значыцца, таксама існую... Лынькоў. // чым і на што. Здабываць сродкі для жыцця якім‑н. чынам. Існаваць на сродкі бацькоў. // Жыць няпоўным жыццём, без радасці, без задавальнення. Калі бяссоннымі начамі Ля вокан сцежак не таптаў, — Хоць ты і быў тут, поруч з намі, Ты ўсё ж не жыў, а — існаваў. Рудкоўскі.

і́снасць, ‑і, ж.

Тое, што і сутнасць. Ох, гэтыя ціхія маладыя людзі! Іх сапраўдную існасць даўно вызначыла народная мудрасць: у ціхай бухце чэрці водзяцца. Колас.

існу́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад існаваць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які ёсць цяпер, маецца ў рэальнасці. Існуючы парадак.

3. Дзеепрысл. незак. ад існаваць.