Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шэрсцечаса́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да перапрацоўкі шэрсці часаннем; прызначаны для такой апрацоўкі. Шэрсцечасальныя машыны.

шэрсць, ‑і, ж.

1. Валасяное покрыва жывёл. Вепр ляжаў на баку, па ягонай мокрай бурай шэрсці поўз дымок. Самуйлёнак. Звер гэты быў незвычайнай велічыні .. Масці ён быў шэрай, шэрсць меў кудлатую і доўгую. Колас. // Валасы на твары, целе чалавека. — Дык што ж гэта?.. — закратаў мяккімі, даўгімі вусамі старшыня і пацёр шэрсць даўно нябрытай барады. Нікановіч.

2. Састрыжанае, вычасанае такое валасяное покрыва жывёл (авечак, коз і пад.). [Гаспадар] добра ведаў, колькі можна ўзяць за карову або за пуд шэрсці ці фунт масла. Чорны.

3. Пража, ніткі з такога валакна. — А якая якасць шэрсці для мінскага трыко? — пытаецца маладзенькая стаханаўка, разглядаючы пражу. «Полымя».

4. Тканіна з такой пражы. Касцюм з шэрсці. // Разм. Адзенне, пашытае з такой тканіны.

•••

Гладзіць па шэрсці гл. гладзіць.

Гладзіць супраць шэрсці гл. гладзіць.

шэрсцямы́йка, ‑і, ДМ ‑мышцы; Р мн. ‑мыек; ж.

1. Майстэрня, цэх і пад., дзе мыюць, прамываюць шэрсць.

2. Шэрсцямыйная машына.

шэрсцямы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прамыўкі шэрсці (у 2 знач.).

шэрсцятка́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шэрсцяткацтва; прызначаны для ткання шэрсці.

шэрсцятка́цтва, ‑а, н.

Выраб шарсцяных тканін.

шэ́рхлы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Цвёрды, падсохлы (пра глебу і пад.). Любіла [дзяўчына] выйсці ў поле і ісці дарогаю, якую перамятае, а то і зусім па шэрхлым цаліку. Сабаленка.

шэ́рхнуць, ‑не; незак.

1. Станавіцца цвёрдым, падсыхаць (пра глебу і пад.). Коса, з-пад ветру, пасыпаліся снежныя крупы, і зямля пад нагамі стала .. шэрхнуць. Ракітны. Над Лужаснам успыхвалі ракеты. Іх дрыготкае святло клалася на дарогу. На ёй шэрхлі лужыны. Новікаў.

2. Нямець, дзеравянець (пра цела і яго часткі). Фінця Паўлаўна раптам адчула, як усё яе цела шэрхне. Няўжо надышоў канец? Грамовіч. Не трэба, Ніна — у .. [Барыса] пачаў шэрхнуць язык. — Дзякую за падтрымку. Шлег. Пасля званка [вучні] чакалі Чаславу Карлаўну.., прыслухоўваючыся, як у вадасцёкавай трубе холадна, аж шэрхне скура, шуміць дажджавая вада. Адамчык.

шэ́ршань, ‑шня, м.

Перапончатакрылае насякомае сямейства вос з джалам, мае жоўтую афарбоўку з чырвона-рудым адценнем. Я разварушыў палкаю ў дупле шэршняў, і яны мяне так зджгалі, што я ледзьве даплёўся да хаты. Сачанка.

шэ́ршневы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шэршня; з’яўляецца шэршнем. Шэршневае гняздо.