Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уціхамі́рванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. уціхамірваць — уціхамірыць.

уціхамі́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да уціхамірыцца.

2. Зал. да уціхамірваць.

уціхамі́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уціхамірыць.

уціхамі́рнік, ‑а, м.

Той, хто ўціхамірвае каго‑н.

уціхамі́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. Супакоіцца, суняцца. [Васіль Міронавіч:] — Пачынаем вечар пытанняў і адказаў... Таварышы — уціхамірцеся... Нічога не пачуеш там ззаду. Пташнікаў. // Заспакоіцца душэўна. [Галіна] кінулася да калыскі, і сэрца ўціхамірылася. Сабаленка. // Аслабець (пра сілу, праяўленне чаго‑н.); аціхнуць. Перастала штарміць. Мора ўціхамірылася. Машара.

2. Стаць паслухмяным, пакорным; утаймавацца. Раз’юшаны тыгр нарэшце ўціхамірыўся. □ Я скрыгатаў зубамі, лаяўся, махаў кулакамі, а хросны падскокваў да мяне, хапаў за рукі, прасіў уціхамірыцца. Асіпенка.

уціхамі́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

1. Прымусіць супакоіцца, суняцца. [Васіль:] — Прымай, Янук, гасцей ды ўціхамір свайго барбоса! Зайсці трэба! Шашкоў. // Аслабіць, зменшыць сілу праяўлення чаго‑н. Цяпер яму [Кліму] захацелася ўціхамірыць гэтую злосць на Сідары. Галавач. У выканкоме вырашылі падзяліць [кватэры] загадзя, каб уціхамірыць непакой і хваляванне. Мележ.

2. Сілай супакоіць каго‑н.; задушыць (бунт, паўстанне і пад.). [Гена:] — Няхай пан не хвалюецца, мы ўціхамірым бунтаўшчыкоў. Жычка.

3. Падпарадкаваць сваёй волі; утаймаваць. Тры дні змагаліся геолагі і нафтавікі, каб уціхамірыць стыхію. В. Вольскі. Грознага [быка] ўсё-такі ўціхамірылі і зноў навязалі на ланцуг. Дайліда.

уціха́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. уціхаць — уціхнуць.

уціха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уціхнуць.

уці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. уціх, ‑ла; зак.

1. Спыніцца; перастаць гучаць (пра гукі шум і пад.). Шум уціх. Страляніна ўціхла. □ Успыхнулі і ўціхлі апладысменты, паўз Віцю прашмыгнулі танцоры, якія толькі што выступалі. Марціновіч.

2. Аслабець у сіле, дзеянні (пра стыхійныя з’явы). Уціхла навальніца. □ Вецер уціх, пацяплела, з лагчыны цераз пуці сунуліся шэрыя космы туману. Быкаў. Уціхла, прайшлі завіруха, Замоўклі басістыя громы. Колас. / Пра напружанасць дзеянняў, падзей. Спрэчкі ўціхлі ў хаце. / Пра боль, праяўленне хваробы. Доктар прыпісаў хлапчуку кампрэсы, парашкі і наказаў ляжаць нерухома да таго часу, пакуль уціхнуць болі. Кулакоўскі. Праз некалькі дзён боль уціх, успаміны пра страшнае — адышлі. Брыль.

3. Супакоіцца, перастаць плакаць, крычаць, злавацца і пад. Хлопчык плакаў доўга, змогся і ўціх.

уці́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уцішыць.