урадлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які вызначаецца ўрадлівасцю (у 1 знач.). Зямля тут [у Суханах] была ўрадлівая, але, як амаль і ўсюды на Беларусі, цяжкая і працаёмкая. Машара. На спрадвечнай багне, ператворанай рукамі людзей ва ўрадлівыя палі, густою сцяною паднялося жыта. Шахавец. Кірыла ішоў берагам Дняпра па знаёмай дарозе і не пазнаваў некалі ўрадлівых палёў. Гурскі.
2. Тое, што і ураджайны (у 2 знач.). Урадлівы год. □ Па дарозе трапляліся такія ўрадлівыя кусты чарніц, што каб хаця на хвіліну нагнуцца, то поўныя былі б і рот і прыгаршчы. Кулакоўскі. Яшчэ нядаўна гарэлі яркай пазалотай урадлівыя мачужыцкія сады, а сёння яны скінулі апошняе лісце. Кухараў.
ура́днік, ‑а, м.
1. У дарэвалюцыйнай Расіі — ніжэйшы чын павятовай паліцыі.
2. Унтэр-афіцэр у казацкім войску царскай арміі.
ура́дніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ўрадніка, належыць яму. Урадніцкі бізун.
уража́льнасць, ‑і, ж.
Здольнасць ствараць моцнае ўражанне.
уража́льны, ‑ая, ‑ае.
Які робіць моцнае ўражанне. Уражальны паказчык.
ура́жанне, ‑я, н.
1. Вобраз, след, які застаецца ў свядомасці чалавека ад убачанага, пачутага, перажытага. Уражанні дзіцячых год, звязаныя са штодзённаю яздою па чыгунцы, на ўсё жыццё захаваліся ў Хвядоса Шынклера, і пасля ён вельмі жыва апісаў гэтыя паездкі ў сваёй аповесць «Сонца пад шпалы». Арабей.
2. Уплыў чаго‑н. на каго‑н. Моцнае ўражанне на здольнага хлопчыка рабіла бацькава ігра на скрыпцы. Каваленка. Ужо некалькі дзён Павел Гушчын знаходзіўся пад уражаннем вайны, адступлення нашых войск, ад чаго сэрца аблівалася крывёю. Гурскі.
3. Уяўленне, думка, што склалася ў выніку знаёмства, сустрэчы з кім‑, чым‑н. Малады бландзін невысокага росту рабіў уражанне вельмі сціплага чалавека. Машара. Сцены, пафарбаваныя пад колер летняга неба, ствараюць уражанне прасторы, спакою. Гамолка. Раману хацелася падзяліцца з кім-небудзь сваімі ўражаннямі, думкамі. Колас. [Кавалеўскі:] — Але складваецца ўражанне, што чужы вопыт у вас [Максім Сцяпанавіч] — як той шчыт. Карпаў.
ура́жаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад уразіць.
уража́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да уразіць.
ура́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да уразіць.