Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

унасле́даваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад унаследаваць.

унасле́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., што.

1. Спец. Успрыняць ад бацькоў, продкаў якія‑н. рысы. Дзеці ўнаследавалі колер вачэй маці.

2. Запазычыць, узяць у папярэднікаў як спадчыну (у 2 знач.). Унаследаваць алфавіт. □ [Дзеці] ўнаследуюць ад свайго бацькі нянавісць да фашызму, як унаследаваў нянавісць да ўсяго антычалавечага сам Ісай Казінец ад свайго бацькі. Новікаў.

уначы́, прысл.

Тое, што і уночы. Уначы чуліся нейкія гукі, тупат, нібы грукат, але змораныя людзі нічога не чулі і праспалі спакойна. Маўр.

ундзі́на, ‑ы, ж.

У павер’ях сярэдневякоўя — дух вады ў вобразе жанчыны; русалка, наяда.

[Ад лац. unda — хваля.]

унепрыкме́тку, прысл.

Абл. Непрыкметна, ціхенька. Ён прыйдзе, як уцямнее, І засаўку ўнепрыкметку Галінкай адсуне неяк — Не ўчуе нават суседка. Барадулін.

уне́сены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад унесці.

уне́сці, унясу, унясеш, унясе; унясём, унесяце; пр. унёс, унесла і унясла, унесла і унясло; заг. унясі; зак., каго-што.

1. Прынесці, занесці ўнутр чаго‑н., куды‑н. Унесці рэчы ў вагон. □ [Гаспадыня] ўзялася за работу: набрала бярэма дроў, унесла ў хату і, запаліўшы газоўку, стала класці іх у печ. Чорны. Цётка папалася спагадлівая, картоплі чыгун наварыла, саломы ўнясла куль. Навуменка.

2. Заплаціць; зрабіць узнос. Унесці плату. □ Нарэшце я кажу ..[следчаму]: — Грошы я магу заўтра ўнесці ў касу. Пальчэўскі.

3. Уключыць у склад каго‑, чаго‑н. Унесці прозвішча ў спіс. □ Змены, што я ўнесла ў меню, асаблівага ўздыму не выклікалі. Савіцкі. // Дабавіць, дадаць да таго, што ўжо ёсць у наяўнасці, зрабіць папраўкі. [Язэп:] — План людзі складалі, і людзі могуць унесці ў яго папраўкі. Асіпенка.

4. Даць пранікнуць куды‑н., умяшаць у што‑н. Унесці кампост. Унесці мінеральныя ўгнаенні.

5. перан. Выклікаць, зрабіць. Больш жвавасці унесла заўвага Клаўдзі Хацкевіч. Шамякін. // Узбагаціць. Творы .. [М. Танка] ваеннага часу і пасляваенных гадоў ўнеслі значны ўклад у беларускую савецкую літаратуру. Бугаёў.

•••

Унесці свежы струмень у што — ажывіць, зрабіць больш цікавым, разнастайным.

Унесці яснасць — растлумачыць што‑н., зрабіць больш ясным.

універма́г, ‑а, м.

Універсальны магазін. Дзіцячы універмаг. □ Маці пляскае рукамі і тут жа, ва універмагу, пачынае выбіраць хлопчыку іншы абутак. Даніленка.

універса́л, ‑а, м.

1. Той, хто валодае разнастайнымі спецыяльнасцямі ў сваёй прафесіі. Слесар-універсал. Канструктар-універсал.

2. У астраноміі і геадэзіі — інструмент для вымярэння гарызантальных і вертыкальных вуглоў.

[Ад лац. universalis — усеагульны.]

універсаліза́цыя, ‑і, ж.

Наданне універсальнасці чаму‑н. Універсалізацыя машын, якія ажыццяўляюць працэсы кіравання.